Здарэнне адбылося каля 19 гадзін, расказаў у інтэрв’ю “РГ” намеснік райаддзела міліцыі Вадзім Петыш. Ва ўчастковага ў гэты дзень быў выхадны. Валеры, які абслугоўвае Пяршаі і Пяршайскі сельскі Савет, быў дома, жыве ён у гэтай жа вёсцы. Прыкладна ў 18.45 да яго зайшла жанчына, якая паскардзілася, што яе муж скандаліць.

Нягледзячы на свой выхадны дзень, Валеры разам з гаспадыняй пайшоў да яе дамоў разбірацца з дэбашырам. Мужчына ў адзенні ляжаў на ложку пад коўдрай. Калі ўчастковы адкінуў коўдру, убачыў у руцэ гаспадара нож. Скандаліст пачаў размахваць нажом перад міліцыянерам. Абараняючыся, Валеры закрываўся рукой.

Нападальнік здолеў тройчы парэзаць левую руку ўчастковаму. Па словах Вадзіма Петыша, адна рана была больш глыбокая, дзве другія — драпіны. Міліцыянер адпіхнуў дэбашыра, а пасля замкнуў яго ў пакоі і пазваніў у дзяжурную часць міліцыі. На дапамогу прыехалі два дзяржаўтаінспектары. Утрох работнікі міліцыі справіліся з гаспадаром дома.

Пацярпеламу ўчастковаму Валерыю Жуку дактары наклалі на руку два швы. А ў адносінах да абвінавачанага раённая пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле “Замах на забойства супрацоўніка міліцыі”. Ён арыштаваны і змешчаны ў ізалятар. Калі віна мужчыны будзе даказаная ў судзе, яму пагражае пазбаўленне волі ад 10 да 25 гадоў альбо пажыццёвае зняволенне, альбо смяротная кара.

Сяргей ЗЯНЬКО.