Абласныя спаборніцтвы паміж пажарнымі аварыйна-выратавальнымі часцямі Мінскай вобласці сярод звяна газадымаабароннай службы прайшлі 4 верасня ў пасёлку Гатава, што пад Мінскам. Першае месца заваявала каманда з Вілейкі.

Удзел прынялі дзевяць камандаў з раённых цэнтраў Мінскай вобласці: Беразіно, Капыля, Барысава, Слуцка, Дзяржынска, Жодзіна, Салігорска. Дзве каманды-ўдзельніцы былі з гарадоў нашага рэгіёну – Маладзечна і Вілейкі. За маладзечанскую выратавальную часць выступалі пажарныя Анатоль Глінскі, Віктар Прахарчук і начальнік змены Арцём Літвін.

Ад віляйчан на спаборніцтвы паехалі старшыя пажарныя Валеры Варановіч, Юры Бельскі і пажарны Аляксандр Камінскі.Спаборніцтвы пачаліся а дзесятай гадзіне раніцы. Каманды-ўдзельніцы, у склад якіх уваходзілі тры чалавекі ад кожнай пажарнай часці, павінныя былі прайсці два этапы заданняў. Усе яны выконваліся на хуткасць.

“Псіхалагічная паласа”

Такую назву меў першы этап спаборніцтваў. Праходжанне паласы псіхалагічнай падрыхтоўкі (бег з перашкодамі) уключала ў сабе пераадоленне адзінаццаці спартыўных элементаў. Удзельнікі прабягалі праз тунэль, падымаліся па лесвіцы, пераходзілі па вісячых бярвёнах, мосціках…
А тунэлі (трубы) былі запоўненыя дымам, там ляжалі падпаленыя яловыя галінкі.
Каб выканаць першае заданне спаборніцтваў, усім пажарным неабходна было быць у поўнай экіпіроўцы. Акрамя спецадзення, на выратавальніках былі процівагазы.

За правядзеннем спаборніцтваў сачылі два суддзі – начальнік цэнтра аператыўнага ўпраўлення пры Мінскім абласным упраўленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мяцельскі і Дзяніс Хомчык – старшы памочнік начальніка цэнтра аператыўнага ўпраўлення пры Мінскім абласным упраўленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Першай па часе стала каманда выратавальнікаў з Маладзечна. Яны прайшлі бег з перашкодамі за 1 хвіліну 19 секунд. А вось віляйчане на гэтым этапе сталі чацвертымі. Іх час склаў 1 хвіліну 32 секунды. Самай апошняй з першым заданнем справілася пажарная каманда з Дзяржынска. Паласу псіхалагічнай падрыхтоўкі хлопцы пераадолелі за 2 хвіліны 8 секунд.

“Дымакамера”

Гэты этап складаўся з пераадолення камандамі двухпавярховага будынка, пакоі якога былі напоўненыя дымам. У поўным абмундзіраванні, з пажарным рукавом, праз якое падаецца вада з выратавальнай машыны, удзельнікам неабходна было, увайшоўшы ў памяшканне, знайсці акенца, праз якое струменем вады збіць мяч. Ён ляжаў на спецыяльнай падстаўцы на вуліцы ў дзесяці метрах ад пабудовы. Пасля збівання мяча пажарныя павінны былі знайсці ў “дымакамеры” пацярпелага і вынесці яго на свежае паветра.
Лепшай у праходжанні другога этапа спаборніцтваў стала каманда пажарных з Вілейкі. Яны выканалі пастаўленую задачу за 1 хвіліну 15 секунд, не дапусціўшы ніводнай памылкі. Без памылак справіліся і маладзечанцы, але сталі чацвертымі, бо затрацілі больш часу на праходжанне дымакамеры. Хлопцы другі этап прайшлі за 2 хвіліны 35 секунд.

Узнагароджанне

Пасля кожнага этапа суддзі ставілі камандам балы. У канцы спаборніцтваў іх складвалі. Калі ў камандаў былі аднолькавыя вынікі за два этапы спаборніцтваў, то пры вызначэнні ганаровага месца пераможцаў суддзі ўлічвалі вынікі апошняга задання.
Такім чынам, першае месца ўзялі віляйчане, набраўшы 5 балаў за два этапы. Такая ж колькасць балаў была і яшчэ ў дзвюх камандаў – Маладзечна і Салігорска. Па затрачаным часе на другое заданне салігорскія выратавальнікі былі лепшымі за маладзечанскіх. Таму гэта каманда атрымала другое месца. А пажарныя з маладзечанскай часці сталі толькі трэцімі.

Усім пераможцам, акрамя дыплома, будзе выдадзеная грашовая ўзнагарода. За першае месца – 12 базавых велічынь, за другое – 8, а за трэцяе – 6. Як паведаміў намеснік начальніка Вілейскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па аператыўна-тактычнай рабоце Аляксандр Яхімовіч, вілейскім пажарным-пераможцам з фондавага аддзела пажарнай выратавальнай часці №1 будзе выдзеленая прэмія.

Надзея СТАНКЕВІЧ.