Чарговы ўрок у школцы  Анатоль Капцюг прысвячае духам – апекунам зямнога жыцця. Кажа, што больш за ўсё ведае пра  Бога зімы – Зюзю, імя якога паходзіць ад дзеяслова зюзець – мерзнуць, калець ад марозу.

“Неяк давялося быць у Паставах, – расказвае Анатоль Іванавіч, – дык там наогул няма Дзеда Мароза. Усе яго завуць Зюзя. Мне нават ручку падарылі з яго выявай”.

Зюзя – Бог зімы

Вось якім уяўляюць Зюзю беларусы: ён, кажуць, стары, з белымі, як снег, валасамі на галаве і такой жа даўжэзнай барадой, нізенькага росту, тоўсты, увесь у белай цёплай вопратцы, ногі ў яго босыя і галава нічым не пакрытая. У руцэ носіць жалезную булаву і большую частку зімы праводзіць у лесе… Часам ён заходзіць у вёску, каб папярэдзіць сялян пра жорсткую суровую зіму на будучы год, ці затым, каб дапамагчы каму-небудзь, напрыклад, вызваліць ад холаду няшчасную бедную сям’ю ці проста для таго, каб наесціся куцці.

Ляля – Багіня вясны

Гэта маладзенькая, прыгожая, стройная, высокая дзяўчына. Святкаванне яе бывае напярэдадні Юр’я… Выбраўшы са свайго асяроддзя сяброўку, якая б выражала ўяўленне іх пра Лялю, карагод беларусак адзявае яе ў доўгі, белы саван, перавязвае ёй шыю, рукі і стан рознай зелянінаю, а на галаву кладзе вянок з розных веснавых кветак. Дзяўчыну-Лялю саджаюць на дзярновую лаву, на якой з аднаго боку пастаўлены гладыш з малаком, сыр, масла, яйкі, смятана і тварог, а з другога – хлеб; ля ног Лялі кладуць вянкі, адпаведна колькасці дзяўчат з карагода. Узяўшыся за рукі, яны танцуюць вакол Лялі і пяюць у пахвалу ёй песню… Ляля раздае ўсім дзяўчатам па чарзе малако, масла, сыр і г.д., пакуль, нарэшце, нічога не застанецца.

Цёця – Багіня лета

Гэта ўжо не маладзенькая дзяўчына, а мажная, пажылая, поўная жанчына. Яна, кажуць, з’яўляецца на полі ўся прыбраная ў спелыя каласы і са спелымі пладамі ў руках…

Жыцень – Бог восені

Беларусы ўяўляюць Жыценя крыху грозным, нібыта вечна нейкім незадаволеным… Жыцень нізкага росту, худы, нават кашчавы, даволі сталага веку, з трыма вачыма (трэцяе на патыліцы); ходзіць вельмі ціха, сагнуўшыся, з ускудлачанымі валасамі. Расхаджвае ён па палях і агародах, каб агледзець, ці ўсё добра прыбрана, як павінна быць у добрай гаспадарцы. Калі Жыцень знойдзе на жніўніку шмат каласоў, пакінутых жнеямі, збірае іх і, звязаўшы ў адзін сноп, пераносіць на іншы жніўнік, дзе сабрана ўсё чыста, з ашчаднасцю.

Тое ж бывае і з агародамі, якія наведвае Жыцень і ў якіх знаходзіць нядбайнасць, гаспадарскія непарадкі. Убачыўшы каго-небудзь з гаспадароў агарода, Жыцень падыходзіць да яго і ківае яму пальцам: гэта значыць, у тым агародзе трэба чакаць неўраджаю…

Больш якасны малюнак тут.