Праграма Еўрасаюзу “Усходняе партнёрства” афіцыйна стартавала 7 мая 2009 г. у Празе і ўключыла ў сябе ўзаемаадносіны ЕС з шасцю краінамі былога Савецкага Саюзу, якія суседнічаюць з Еўрасаюзам – Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. “Усходняе партнёрства” прапануе краінам-удзельніцам канкрэтныя крокі па падтрымцы дэмакратычных рэформаў і зменаў у галіне рынкавых адносінаў, а таксама садзейнічанню палітычнай і эканамічнай стабільнасці. Гэта праграма дае добрыя магчымасці краінам, якія ў яе ўваходзяць, для пашырэння супрацоўніцтва з Еўропай. Адной з важных задачаў рэалізацыі праграмы з’яўляецца развіццё грамадзянскай супольнасці  ў шасці краінах, якія ў яе ўваходзяць.

Праграма складаецца з шэрагу паасобных мерапрыемстваў, удзел у якіх з’яўляецца добраахвотным, залежным выключна ад патрэбаў канкрэтнай краіны. Пры гэтым браць у іх удзел могуць не толькі органы дзяржаўнай улады, але таксама фінансавыя ўстановы і няўрадавыя арганізацыі.

“Усходняе партнёрства” прадугледжвае шырокую інтэграцыю краін-партнёраў у эканоміку ЕС, спрашчэнне візавага рэжыму пры ўмове захавання патрабаванняў бяспекі для краін-удзельніц, падвышэнне ўзроўню энергетычнай бяспекі для ўсіх зацікаўленых бакоў, а таксама фінансавую дапамогу. ЕС прапануе больш інтэнсіўную падтрымку ў працэсе рэалізацыі неабходных рэформаў з дапамогай новага ўсеабдымнага пакету праграм, а таксама новы фармат узаемаадносінаў, які будзе прыцягваць партнёраў да развязання агульных праблем. Адпаведна з асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва запачаткаваныя чатыры тэматычныя платформы:

– дэмакратыя, належнае кіраванне і стабільнасць;
– эканамічная інтэграцыя і канвергенцыя з палітыкамі ЕС;
– энергетычная бяспека;
– кантакты паміж  людзмі.

У рамках усіх платформаў уводзяцца ў жыццё канкрэтныя пілотныя праекты, якія могуць прапаноўваць як дзяржавы ЕС, так і краіны-партнёры. Увогуле вітаецца, каб ініцыятыва ў правядзенні канкрэтных праектаў належала партнёрскім краінам, а Еўрасаюз ажыццяўляў перш за ўсё фінансаванне і нагляд за выкарыстаннем выдзеленых рэсурсаў. Пры гэтым дапушчальнае вызначэнне кожным партнёрам уласных прыярытэтаў, г. зн. кожная краіна можа ісці ў тым ці іншым напрамку так далёка, як жадае і можа.

На сённяшні дзень у рамках выканання праграмы “Усходняе партнёрства” прадугледжваецца:
• стварэнне сферы вольнага гандлю, якая ахоплівае дзяржавы, што з’яўляюцца партнёрамі ЕС;
• збліжэнне прававых сістэмаў у сферы вартасцяў, нормаў, стандартаў;
• узмацненне супрацоўніцтва ў сферы энергетычнай бяспекі (у тым ліку галоўны праект паўднёвага энергетычнага калідору, які злучыць рэгіён Каспійскага мора і Цэнтральнай Азіі з Еўропай);
• увядзенне ў жыццё супольнай праграмы кіравання межамі і паступовае абмежаванне візавага рэжыму аж  да ўвядзення бязвізавага руху.

Па праграме “Усходняе партнёрства” шасці былым саюзным рэспублікам будзе выдзелена 600 млн. еўра, з іх 250 млн. будуць паходзіць з фінансавых інструментаў Еўрапейскай палітыкі суседства, а 350 млн. – дадатковыя сродкі. Праўда, грошы на рэалізацыю праграмы будуць выдаткаваныя толькі ў пачатку наступнага году, а зараз працягваецца этап узгаднення канкрэтных праектаў і варыянтаў супрацоўніцтва.

“Усходняе партнерства” прадугледжвае парытэт бакоў. Два бакі, г. зн. 27 дзяржаваў ЕС і 6 усходніх партнёраў час ад часу мусяць сустракацца і дамаўляцца пра ўмовы далейшага супрацоўніцтва. Раз на два гады будуць праводзіцца сустрэчы на найвышэйшым узроўні, якія павінны будуць забяспечваць напрамак і профіль партнёрства. Таксама плануецца праводзіць штогадовыя нарады міністраў замежных спраў, якія будуць прадстаўляць больш падрабязныя палітычныя справаздачы.

Паводле arche.by