Пракуратура Маладзечанскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу па першай частцы 139 артыкула — “Наўмыснае забойства”. Справу расследуе следчы пракуратуры Сяргей Сяляўка. У інтэрв’ю нашаму выданню следчы расказаў: здарэнне адбылося каля дзевяці гадзін вечара.

Па папярэдніх дадзеных, 28-гадовая жанчына была абураная тым, што маці незадаволеная яе паводзінамі, пастаянна сварылася, вучыла жыць. У той вечар дачка проста вырашыла ўзяць і зарэзаць надакучлівую маці. Схапіла вялікі нож і нанесла сваёй ахвяры ўдар нажом у левую частку грудзей і два — у спіну, у вобласць сэрца.

У кватэры падчас сваркі знаходзіліся сын і другая дачка гаспадыні. Яны позна заўважылі, што іх сястра кінулася на маці з нажом. Сын пабег выклікаць “хуткую дапамогу”, другая дачка паспрабавала аказаць пацярпелай першую дапамогу. Нападальніца хацела нанесці чацверты ўдар, але сястра не дала ёй гэта зрабіць і выхапіла нож з рук. Параненая гаспадыня ад атрыманых траўмаў памерла на месцы здарэння, да прыезду брыгады “хуткай дапамогі”.

У следства ёсць меркаванне, што падазроная ў забойстве пакутуе на псіхічнае захворванне. Па словах Сяргея Сяляўкі, ён будзе прызначаць псіхіятрычную экспертызу. Верагодна тое, што жанчына, забіваючы маці, не ўсведамляла небяспекі сваіх дзеянняў.

Сяргей ЗЯНЬКО.