Масавую рэалізацыю пратэрмінаваных харчовых прадуктаў у магазіне №29 “Алеся” прадпрыемства “Садружнасць” выявілі 15 верасня супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.

“Такіх парушэнняў, якія выяўленыя ў “Алесі”, нават мы даўно не бачылі”, – сказала ў інтэрв’ю “РГ” начальнік упраўлення абласнога Камітэта дзяржкантролю Ганна Мацельская.

Паводле слоў Ганны Мацельскай, падчас праверкі, якой кіраваў яе намеснік Максім Шэка, у гандлёвай зале “Алесі” толькі ў малочным аддзеле знайшлі больш за 50 найменняў пратэрмінаваных малочных прадуктаў. І так па кожным аддзеле.

У падвале магазіна захоўваўся пратэрмінаваны тавар на суму больш за 2 мільёны рублёў. Адміністрацыя не прытрымлівалася правілаў захоўвання асобных тавараў. Тое, што павінна ўтрымлівацца ў замарожаным выглядзе, не замарожвалася і наадварот. Тэрмін якасці прадуктаў у асобных выпадках сышоў больш за год таму.

Парушэнні былі выяўленыя падчас праверкі рэалізацыі на гандлёвых прадпрыемствах імпартных тавараў, а таксама магчымасці іх замены на якасныя тавары айчыннай вытворчасці. У магазінах знайшлі чатыры найменні імпартных сокаў і нектараў, якія не адпавядаюць патрабаванням беларускага дзяржстандарту. Іх рэалізацыю забаранілі.

“Правяраючы імпарт, мы проста не маглі прайсці міма парушэнняў у рэалізаццыі айчынных тавараў, – кажа Ганна Мацельская. – Такія адносіны да нормаў захоўвання і рэалізацыі тавараў – прамая дыскрэдытацыя беларускіх харчовых прадуктаў: калі вы сёння купілі сапсаваны айчынны тварог, заўтра вы яго, натуральна, не купіце”.

Ганна Мацельская адзначыла, што яшчэ перад праверкай у рабоце “Алесі” былі выяўленыя буйныя нястачы. Для начальніка ўпраўлення абласнога дзяржкантролю незразумела: куды глядзела кіраўніцтва “Садружнасці” і мясцовыя санітарныя службы. Ганна Мацельская падкрэсліла, што рэвізія, якая прайшла 15 верасня – толькі пачатак. Гандлёвыя прадпрыемствы Вілейскага раёна чакаюць далейшыя праверкі фінансава-дзяржаўнай дзейнасці.

Сяргей ЗЯНЬКО.