Мы падышлі да тройкі лідэраў чэмпіянату. Пасля буйной перамогі 13 верасня над “Оршай” маладзечанскі клуб узняўся на чацвертае месца ў турнірнай табліцы. Паспрыяла гэтаму яшчэ і нечаканае паражэнне “Асіповічаў” дома ад “Мясакамбіната” з лікам 0:1.

Шэсць тураў засталося да канца чэмпіянату. Пяць з іх праводзім дома. Ад трэцяга месца адстаём на пяць ачкоў. Калі ласка, спадары балельшчыкі, – вось вам тэма для роздуму. Толькі разважаць пра перспектывы тут не будзем – дрэнная прыкмета. Не сурочыць бы…

Пагаворым лепш пра Оршу. З трэнерам каманды Віталем Казяком. Па яго меркаванні, у першым тайме мы аўтсайдэра ўсё ж крыху недаацанілі. Тое, чаго асцерагаліся і пра што гаварылі пасля мінімальнай перамогі над “Жлобінам”.

“Ад пачатку матча хадзілі па полі пешшу і, відаць, думалі абыграць саперніка на класе, – кажа Віталь. – Зрэшты, рэалізуй свае моманты Сяргей Космач і Аляксандр Грыхуцік, магчыма, гульня склалася б лёгка. А так Орша прыгледзелася да нас, прыйшла ў сябе і пачала небяспечна агрызацца. Стала ясна: калі мы не прыбавім, у нас могуць узнікнуць праблемы”.

Невядома, ці думалі Космач з Грыхуцікам, не забіўшы на 9 і 10 хвілінах, што страшнага нічога няма, а момантаў створым яшчэ, але да сярэдзіны першага тайма госці гульню выраўнялі. І нашым проста неабходна было штосьці з гэтым рабіць. Вельмі не хацелася пайсці на перапынак з пачатковымі нулямі на табло ці, не дай бог, прапусціць яшчэ і самім. Тым больш, што ў адным з эпізодаў аршанскі нападаючы нам дараваў, прабіўшы міма з цэнтра штрафной.

Разруліў сітуацыю Ігар Нарожнік. На 42 хвіліне маладзечанскі паўабаронца метраў з дваццаці стрэліў у ніжні правы ад варатара вугал варот. Галкіпер зрэагаваў на ўдар, нават у скачку дакрануўся да мяча кончыкамі пальцаў, але не больш за тое – 1:0.

У перапынку, па словах Віталя Казяка, паміж галоўным трэнерам Аляксандрам Гармазой і яго падапечнымі адбылася сур’ёзная размова на тэму: хто і каму даў права так ставіцца да гульні. Довады трэнерскага штаба і выхад на поле Сяргея Корсака, відаць, паспрыялі змене настрою каманды.
У другім тайме мы ўжо трывала валодалі ініцыятывай, але забіць не маглі яшчэ амаль паўтайма.

На 66 хвіліне Корсак для свайго калегі па амплуа Космача зрабіў усё, каб апошняму заставалася толькі адправіць мяч у пусты правы ад варатара вугал варот. Сяргей Корсак у цэнтры штрафной спакойна разабраўся з двума абаронцамі, выклаў цёзку мяч як на талерачцы, і ўжо праз імгненне хлопцы, абняўшыся, пабеглі да цэнтральнага круга – 2:0.

Пасля гэтага аршанцы падселі канчаткова, а яшчэ праз 13 хвілін Корсак ужо сам давёў лік да буйнога. Асіставаў яму ў гэтым Нарожнік – 3:0. Усё стала на свае месцы. Нарэшце стала відавочна, што мы мацнейшыя.

Прыемна, што сваю добрую традыцыю забіваць у кожным матчы не спыніў Віталь Макрыцкі. Усю гульню было бачна, што правы паўабаронца імкнецца не толькі выконваць свой прамы абавязак – дастаўляць мяч нападаючым – але і стараецца забіць сам. Двойчы Віталь небяспечна біў галавой, але мяч пралятаў міма ў нейкіх сантыметрах ад штангі. І ўсё ж удача ўсміхнулася Макрыцкаму. Канешне, найперш майстэрства паўабаронцы сыграла вядучую ролю. Віталь на 89 хвіліне атрымаў пас ад Сяргея Дараховіча, прайшоў па сваім фланзе, вызваліўся ад абаронцаў і дакладна прабіў у левы ад галкіпера вугал – 4:0.

“Ды і не забілі мы яшчэ ў другім тайме цэлую авоську, – кажа Віталь Казяк. – Спадзяюся, што хлопцы не зрабілі гэта таму, што пакідаюць свае галы на будучыя сустрэчы. Наступны тур гуляем дома з “Асіповічамі”, і гэты матч шмат чаго пакажа. У гульнях, якія засталіся, усё залежыць ад нас. Калі самі сабе праблем не створым, усё павінна быць добра. З хлопцамі пагаварылі. Яны цудоўна разумеюць, што сёння трэба паставіць максімальную задачу і вырашаць яе”.
Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца*:
1. Рудзенск        49
2. Гарадзея        40
3. Вертыкаль      37
4. Маладзечна    32
5. Асіповічы        30
6. Зорка-БДУ      29
7. Слуцкцукар    27
8. Клечаск          26
9. Нёман            26
10. Лівадзія         21
11. Жлобін          20
12. Бяроза          20
13. Мясакамбінат 18
14. Орша             10
*“Слуцкцукар” і “Мясакамбінат” правялі на адну гульню менш.

Танец Сяргея Космача. Маладзечанскі нападаючы з 11 забітымі мячамі займае пакуль другое месца ў спрэчцы бамбардзіраў другой лігі. Першае – у Віскушэнкі з “Клечаска” (12 галоў)

Некаторыя прыхільнікі “Маладзечна” назіралі за гульнёй з-за замкнёных варот стадыёна.

Нешта незразумелае перад гульнёй з Оршай зрабілі работнікі маладзечанскага стадыёна. Ішла ўжо 17 хвіліна гульні, а ў касу за білетамі яшчэ стаяла вялікая чарга балельшчыкаў.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.