Супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі раскрылі крадзяжы бензапілаў з магазінаў горада і дзвюх вёсак. У здзяйсненні гэтых крадзяжоў абвінавачанне прад’яўленае 25-гадоваму наркаману з Барысава.

Тры бензапілы былі ўкрадзеныя ў ліпені і жніўні з магазінаў Валожына, вёсак Падбярэзь і Пяршаі. Па гарачых слядах злачынцаў тады злавіць не атрымалася. Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў удалося выйсці на след зламыснікаў толькі ў верасні. Імі аказаліся маладыя людзі з Барысава, якія ў мясцовым райаддзеле міліцыі стаяць на ўліку як наркаманы.

Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Валожынскага райаддзела ўнутраных спраў Артур Махмудаў расказаў у інтэрв’ю нашаму выданню: опергрупа працавала над раскрыццём грабяжу. Невядомыя аграбілі жанчыну, жыхарку вёскі Альшанка Багданаўскага сельсавета.

Падчас праверкі аператыўнікі высветлілі: за два тыдні да грабяжу ў гэтых месцах з’явіліся маладыя людзі, што куплялі ў мясцовых жыхароў мак. Устанавілі дом, дзе наркаманы начавалі. У доме знайшлі кубак, у якім пастаяльцы варылі зелле. З кубка знялі адбітак пальца. Праверылі яго па крымінальнай камп’ютэрнай базе дадзеных. Такім чынам выйшлі на 25-гадовага жыхара Барысава і яго знаёмых, якія раней былі судзімыя за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.

Як высветлілася, камапанія падчас здзяйснення крадзяжоў заязджала і ў Падбярэзь, і ў Валожын, і ў Пяршаі. Да грабяжу жанчыны з Альшанкі маладыя людзі дачынення не мелі, а вось крадзяжы з магазінаў, па папярэдніх дадзеных, – іх рук работа.

Затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання пакуль толькі ўладальнік адбіткка пальца на кубку. Яму прад’яўленае абвінавачанне па другой частцы 205 артыкула Крымінальнага кодэксу – “Крадзеж, здзейснены паўторна”. У адносінах да іншых падазроных вядзецца праверка. Па словах Артура Махмудава, цяпер усё эпізоды злачынстваў абвінавачаны бярэ на сябе.

Але, па меркаванні міліцыі, крадзяжы здзяйсняла група зламыснікаў. Пакуль адны адцягвалі ўвагу прадаўцоў, другія выносілі з магазінаў бензапілы. Начальнік крымінальнага вышуку адзначае, што менавіта бензапілы кралі не мэтанакіравана. Проста, як найбольш каштоўны і хадавы тавар, прадаўцы выстаўлялі іх на самае бачнае месца, ледзь не каля самага ўваходу ў магазін. Вынесці іх, карыстаючыся няўважлівасцю прадаўцоў, было нескладана. Такім самым чынам 25 жніўня з крамы мястэчка Івянец была скрадзеная мікрахвалевая печ “Віцязь”.

Кошт скрадзеных бензапілаў, па словах Артура Махмудава, вагаецца ад 680 да 780 тысяч рублёў. Мікрахвалевая печ каштуе каля 300 тысяч. Кошт скрадзенага – сума шкоды, нанесенай зладзеямі.

Другая частка 205 артыкула Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне – выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў альбо арышт тэрмінам ад трох да шасці месяцаў, альбо абмежаванне свабоды на тэрмін да чатырох гадоў, ці пазбаўленне волі на такі ж тэрмін.

Сяргей ЗЯНЬКО.