Гарадскі прыток Ушы, што ўздоўж чыгункі на Вілейку.

Пасля дажджу, вясной, калі тае снег, з усіх прытокаў Ушы па Маладзечанскім раёне ў раку трапляюць паверхневыя воды са смеццем, якое выкідваюць людзі. Ачышчальныя збудаванні ёсць не ўсюды, таму ў рацэ збіраецца вялікая колькасць шкодных рэчываў. Такім чынам, якасць вады, як пастанавіў галоўны дзяржаўны доктар Міхаіл Грабоўскі, па выніках лабараторнага даследавання па мікрабіялагічных паказчыках у межах гарадскога пляжу не адпавядае санітарным патрабаванням. Са слоў загадчыка аддзела камунальнай гігіены Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіла Міхалевіча, спецыялісты экалагічнай лабараторыі павінны праводзіць маніторынгі ўзроўню забруджвання паверхнасных і сцёкавых вод. А таксама браць аналіз вады з усіх ручаёў, што ўпадаюць ва Ушу.

Такіх ручаёў (ліўнёвак) – дзевяць. Аналіз вады бяруць толькі з сямі, якія працякаюць праз вуліцы горада і ўліваюцца менавіта ў раку, а не ў яе прытокі. Гэта дае магчымасць даведацца, які ўплыў яны аказваюць на агульны стан ракі. Па плане, як сказала ў інтэрв’ю “РГ” загадчыца міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю Марына Хвіневіч, рэйды праверак неабходна рабіць два разы на год – вясной і восенню. Але бываюць і пазапланавыя выезды. Апошні аналіз з ручаёў бралі ў ліпені. Вынікі паказалі, што вада вельмі брудная, асабліва ў ручаях па вуліцы Новы Свет і ў раёне гаражнага каператыву №5. Менавіта таму гранічна-дапушчальная канцэнтрацыя шкодных рэчаў у рацэ пераважае нормы: у сем разоў па фасфатам, у 4,2 разы па сінтэтычных паверхнева-актыўных рэчывах, амаль у тры разы па аманійнаму азоту і ў 5,4 разы па нітрытнаму. А нафтапрадуктаў у рацэ вышэй нормы аж у 4,4 разы! А гэта ўсё менавіта з-за забруджвання чалавекам ліўнёвак.

Адзін з такіх ручаёў працякае па вуліцы Міру, каля рэчавага рынку. Пачынаецца ліўнёўка ад гаражнага каператыву, які крыху вышэй за рынкам. Тэрыторыю каля ручая (і сам ручай) прыбірае брыгада ліўнёўшчыкаў з чатырох чалавек. Часта ён бывае засмечаны то будаўнічымі адходамі, то машынным алеем. А на мінулым тыдні каля вытоку валяліся колы ад аўтамабіля. Па словах намесніка дырэктара па камунальных пытаннях УП “Камунальнік” Аляксандра Осіпава, асноўная прычына забруджвання ручаёў – самі людзі. Менавіта яны і выкідваюць рознае смецце. А за гэта прадугледжваецца штраф. Памер штрафных санкцый вызначае адміністрацыйная камісія. У залежнасці ад артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, фізічным асобам, як сказаў Іван Мялюк – вядучы спецыяліст Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, могуць даць штрафу ад 10 базавых велічынь да 30. Як ён паведаміў, любыя забруджванні ручаёў шкодныя для прыроды.

Надзея СТАНКЕВІЧ.  

Фота Ігара Мароза.