Вілейская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа адзначае 18-19 верасня адзначыла свой паўвекавы юбілей.
У праграме былі спаборніцтвы па акрабатыцы, скачках на дарожцы і батуце, урачыстая вечарына ў Доме культуры.
Спартшкола была створаная ў 1959 годзе. Яе першым кіраўніком быў выпускнік інстытута фізкультуры малады спецыяліст Віктар Чакалаў, які змог захапіць вілейскіх хлопчыкаў і дзяўчынак акрабатыкай.
Сёння Вілейка – адзіны ў Мінскай вобласці горад, дзе «прапісаны» гэты від спорту – «галоўны» і для Вілейкі, і для спартшколы.
Цяпер у спартшколе займаецца больш за 300 юных Віляйчан. І не толькі акрабатыкай, скачкамі на дарожцы і батуце, а і плаваннем, баскетболам, каратэ… Выхаванцы школы неаднаразова прадстаўлялі горад і раён не толькі на абласных, але і на нацыянальных, міжнародных спаборніцтвах. Станавіліся пераможцамі іх і прызёрамі.
На юбілейныя дні ў Вілейку прыехалі спартсмены з Наваполацка, Баранавічаў, Мінска. Свае віншаванні даслалі акрабаты Літвы з горада Вісагінас. Прыбыў з Валгаграда і заснавальнік спартшколы Віктар Чакалаў. На вечарыне ў Доме культуры ў адрас спартсменаў прагучалі віншаванні ад мясцовых уладаў, спартыўных чыноўнікаў са сталіцы. Адны спонсары падаравалі школе новы батут, іншыя паабяцалі у хуткім часе яшчэ адзін ўласнай вытворчасці.
Мікола ГАЙДУК.
Пра вынікі юбілейных спартыўных спаборніцтваў чытайце ў пятнічным нумары “РГ” ад 25 верасня.
Яшчэ на гэту тэму.
Рэдакцыя размяшчае фотарэпартаж са свята.
Адна з мацнейшых мужчынскіх чацвёрак Беларусі – віляйчане. Ніжняя пара: злева – Уладзімір Белачуб, справа – Канстанцін Агіевіч. Вышэй – Яўген Чарнецкі і Раман Семянковіч.
Спаборніцтвы юбілейныя, але рашэнні суддзяў – самыя строгія.
За сябровак хварэе Даша Ражко.
Майстры спорту па акрабатыцы, трэнер, суддзя першай катэгорыі Таццяна Літвіновіч і яе выхаванка Аўгіня Манцэвіч.
У глядзельнай зале Вілейскага ДК. Урачысты канцэрт пачынаецца.
Заснавальнік спартыўнай школы ў Вілейцы Віктар Чакалаў (справа) спецыяльна прыехаў на юбілей з далёкага расійскага Валгаграда. Злева — яго вучань трэнер спартшколы Пётр Зайцаў.
Адзін з першых майстроў спорту ў Вілейцы Аляксей Камінскі.
Акрабатыка – “галоўны” від спорту для Вілейшчыны. Але апошнія гады тут паспяхова развіваюцца баскетбол, плаванне, баявыя віды. Паказальнае выступленне каратыстаў спартыўнага клуба “Дзяржынец”. Кіраўнік клуба – Сяргей Кірыевіч.
У вячэрняй праграме свята 18 верасня, што прайшла ў Палацы культуры, выступалі артысты Вілейкі. Калектыў Элегія пад кіраўніцтвам Таццяны Захарыч зрабіў музычны падарунак спартсменам.
Здымак на памяць. Пасля урачыстага канцэрта на сцэне ДК сабраліся былыя выпускнікі школы і іх трэнеры.
Мікола ГАЙДУК.
Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.