На сайт “Рэгіянальнай газеты” прыйшлі пытанні ад чытача Міраслава наконт чэмпіянату Беларусі ў другой лізе і выступлення ў ім футбольнага клуба “Маладзечна”: “Добры дзень! Колькі камандаў выходзяць у першую лігу? Ці можна ў наступным нумары газеты напісаць увесь расклад астатніх гульняў нашай каманды з часам пачатку”.

 

У першую лігу на наступны сезон па выніках розыгрышу гэтага чэмпіянату ў другой лізе выходзіць адна каманда — пераможца сёлетняга сезона ў другой лізе. Першае месца пасля 21 тура ўпэўнена займае “Рудзенск”. У каманды 52 ачкі. На дзевяць ачкоў адстае “Гарадзея”, якая ідзе другой. На трэцім месцы — “Вертыкаль” з Калінкавічаў, 38 ачкоў.

“Маладзечна” з 35 ачкамі займае пакуль чацвертае месца. Да канца сезона засталося пяць тураў. Пра іх расклад мы папрасілі расказаць трэнера нашай каманды Віталя Казяка. Вось што ён паведаміў:

“27 верасня дома прымаем “Гарадзею”, 4 кастрычніка, таксама ў Маладзечне, — віцебскі “Мясакамбінат”. Пакуль не вызначаныя дзень і месца правядзення гульні з мастоўскім “Нёманам”.

З Мастамі мы павінны гуляць дома 11 кастрычніка, але ў сувязі з тым, што на маладзечанскім гарадскім стадыёне 14 кастрычніка будзе праводзіцца матч паміж моладзевымі зборнымі Беларусі і Албаніі, магчыма, гульня “Маладзечна” — “Нёман” будзе перанесеная на суботу, 10 кастрычніка. Для таго каб даць газону стадыёна адпачыць перад міжнароднай сустрэчай. Ёсць таксама верагоднасць, што Масты ўвогуле прыйдзецца прымаць у Чысці, чаго б не хацелася.

Апошнія два туры праводзім 18 і 25 кастрычніка. Спачатку едзем у Мінск да “Зоркі-БДУ”, потым дома гуляем з “Вертыкаллю” (Калінкавічы)”.

Такім чынам, лёгкага фінішу нашым хлопцам чакаць не прыходзіцца. Звычайна ўсе гульні пачынаюцца ў 16 гадзін, але, на ўсякі выпадак, перад кожным матчам пажадана сачыць за расклеенымі ў горадзе афішамі.

Сяргей ЗЯНЬКО.