“Лічба можа і невялікая, калі браць у памерах раёна, – думаю пра сябе я, — а калі падумаць пра сем’і. То цэлых 200 сем’яў мо, сядзяць сённяшнім вечарам і думаюць, чым накарміць заўтра дзяцей”.

Гадоў шэсць таму я ўпершыню трапіла ў мястэчка, якое было вядомае далёка за межамі рэгіёну дзякуючы свайму шклозаводу. Аднойчы яго зачынілі быццам бы на рамонт. А год праз колькі далі рабочым зразумець, што заняць свае працоўныя месцы яны ўжо не змогуць. Людзі адразу не гублялі надзеі. Пісалі пісьмы ў розныя інстанцыі, тэлефанавалі, у тым ліку і ў рэдакцыю нашай газеты, з просьбай дапамагчы адчыніць прадпрыемства. І ўвесь гэты час спрабавалі выжыць.

“Мае дзеці не бачаць цэлае лета свету, – расказвала, змахваючы з вачэй слёзы, маладая жанчына. – Раніцай чуць развіднее абедзвюх дзяўчатак буджу і, даўшы ў рукі вядзерцы, цягну за сабой у лес збіраць ягады. Адразу зараблялі на хлеб суніцамі, пасля чарніцамі. Паспела маліна, сталі цягаць да дарогі вёдрамі яе. Да 10 гадзін раніцы збіраем, пасля ідзём да цэнтральнай дарогі, каб прадаць. Пашчасціла, зарабілі капейчыну, зноў бяжым у лес. А то, бывае, дзяцей з вядром пакіну ля гасцінца, а сама дзе-небудзь схаваюся. Дзяўчаты мае малыя, вадзіцелі іх шкадуюць, спыняюцца, ягадкі купляюць”.

“Мы карову ў гаспадарцы маем, – далучаецца да нашай размовы другая жанчына, – дык хоць крыху лягчэй жывём. Хаця якое яно там лягчэй. Смятану, масла, малако, тварог цэлае лета цягаю ў Маладзечна на базар. Раніцай муж садзіцца снедаць і нясмела так пытаецца: “Сёння дасі лыжку смятаны да бліна ці не”. А дзе ж ты дасі, калі дзяцей у школу трэба збіраць! Усё, пачынаючы ад шкарпэтак і заканчваючы курткамі, пакупляць”.

Пра нейкі час яны пачалі адпраўляць сваіх мужчын на заробкі. Хто падаўся ў Расію, хто ў сталіцу. Пераважна працавалі на будоўлях, падсобнікамі. Жылі, дзе папала, елі, што прыйдзецца, цярпелі. Як-ніяк, пры рабоце, ды і грошы два разы на месяц даюць. Прывязеш дадому, чалавекам сябе адчуваеш.

“Добра вам, гарадскім, – разважае адна мая знаёмая, – не спадабалася на адной рабоце, пайшоў на другую. Хочаш – прадаўцом, хочаш – прыбіральшчыцай. Прыеду калі ў Маладзечна, каб што купіць, дык нават дзіўлюся. На дзвярах рэдкага магазіна не вісіць аб’ява, што патрабуецца прыбіральшчыца. У нашай вёсцы, з’явіся вольнае месца, жанчыны б біліся. Работа чыстая, зарплата хоць і не вялікая, але з розумам жыць можна і на яе”.

Слухаю, уздыхаю. Канешне ж, ёсць і ў яе словах праўда. А сама ўспамінаю сваю гарадскую сваячку, якая з інстытуцкім дыпломам год не магла знайсці добрую работу. Кожны дзень хадзіла з установы ва ўстанову, прапаноўваючы свае паслугі. Гарталі працоўную кніжку, глядзелі дыплом, запісвалі адрас і тэлефон, абяцалі патэлефанаваць. Яны пасля гадзінамі сядзела ля таго тэлефона, баялася ў магазін выйсці. А ён маўчаў і маўчаў…

Знайсці работу ёй дапамагла сястра. Падказала, што іх арганізацыі патрабуецца бухгалтар. Ну і, канешне ж, слова закінула, паабяцала начальніку, што дапамагаць новенькай будзе. “Як справы?” – пытаюся ва ўчарашняй беспрацоўнай, сустрэўшы на вуліцы. “Ой, добра, – смяецца яна, – я ж цяпер на рабоце!”

Марына СЛІЖ.