– У першы клас я прыняла маленькага Віцю Крамарэнку, у пяты клас праводзіла Віктара, а сёння сустрэла Віктара Уладзіміравіча. Канешне ж, не пазнала яго. А ён, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, акадэмік, кінуўся мне насустрач з такой радасцю, быццам і не было тых пяцідзесяці гадоў расстання, гаворыць астаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №1 Ашмянаў Марыя Ануфрыева.

– І пазнаў, і не фанабэрыцца сваімі заслугамі, і ўсё такі просты і даступны, – Марыя Ануфрыева наведала сваю школу пасля доўгага перапынку. Узрост – як-ніяк 89 гадоў. Недамаганні не дазваляюць быць частым госцем ў гэтых сценах, нягледзячы на тое, што Марыя Герасімаўна жыве ў Ашмянах.

Віктар Крамарэнка – двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, архітэктар. І былы вучань школы №1 Ашмянаў.

А вось яе вучань Віктар Крамарэнка, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, архітэктар, чыя праца ўкладзеная ў будынак чыгуначнага вакзала і Нацыянальнай бібліятэкі ў сталіцы, акадэмік Беларускай і прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры ў горад свайго дзяцінства прыехаў упершыню за 45 гадоў. Прыехаў з асаблівым пачуццём – куток, дзе прайшлі дзіцячыя гады, заўсёды мілы і дарагі сэрцу.

Як архітэктар, былы вучань школы адзначыў, што знешні выгляд Ашмянаў цешыць сэрца. Вядома, гэта не той будынак, з якога пайшлі ў вялікае жыццё Віктар Крамарэнка і яго аднакласнікі. Сучасны будынак са светлымі класамі, прасторнымі памяшканнямі і цудоўным ландшафтам двара выклікаў воклічы захаплення гасцей. Цудоўныя фантаны, клумбы, алеі дапамаглі ашмянскай школе стаць лідэрам у краіне па абуладкаванні тэрыторый. Патрабавальная камісія Мінпрыроды прызнала – такой прыгажосці яны не бачылі нідзе.

У двары школы №1 Ашмянаў утульна і прыгожа.

Яна, школа на вуліцы Міцкевіча, заўсёды была першай не толькі па нумарацыі, але і па здаровых амбіцыях. Узнагарод, медалёў, грамат і дыпломаў – не злічыць. Стэнды з імі ледзь змясціліся ў прасторным холе. А прыхарошвацца і наводзіць глянец напярэдадні гэтага навучальнага года была прычына – у мінулыя выхадныя яна адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Менавіта гэта дата паклікала ў сваё гняздо яго птушанят, якія разляцеліся па ўсім свеце.

– З-за загружанасці справамі я не збіраўся ехаць, – з усмешкай згадвае дэпутат Дзярждумы Расіі, лідэр саюза ветэранаў Афганістана гэтай краіны Франц Клінцэвіч. – А тут выступаю ў прамым эфіры на тэлебачанні і чую званок. Дазваніўся старшыня Ашмянскага райвыканкама Юры Адамчык, на ўсю Расію запрашэнне перадаў. Раз я ў прамым эфіры паабяцаў, трэба ехаць. І вось я тут. – Франц Клінцэвіч хітравата ўсміхаецца, а ў вачах непрыхаваная радасць ад сустрэчы з сябрамі, знаёмымі, аднакласнікамі.
На Ашмяншчыне Клінцэвіч бывае нярэдка – тут жывуць родныя жонкі. Але гэта сустрэча з роднай школай асаблівая. Бо яна не толькі дала свайму выхаванцу загартоўку, якая дазволіла выстаяць у Афганістане, але і падарыла каханне – з жонкай Ларысай вучыўся ў адным класе і цяпер разам прыехаў на сустрэчу са школай.

Франц Клінцэвіч адзначыў надзвычайную здольнасць цяперашняга дырэктара школы Міхаіла Гружэўскага памятаць пра кожнага з выпускнікоў, не губляць на жыццёвых прасторах сувязі з тымі, хто рахунак нажытым рэгаліям, чынам ды званням пачынае з гордага: выпускнік першай ашмянскай школы.

Колькі іх было ў той вечар нечаканых сустрэч і дзіўных адкрыццяў, пазнання і радасці ад спаткання з юнацтвам! Традыцыйнае “а памятаеш?” гучала ў гэты дзень на кожным кроку. Бо за 80 гадоў школа дала пуцёўку ў жыццё 3 тысячам 145 вучням. Сярод выпускнікоў першага паваеннага дзесяцігоддзя – палкоўнік у адстаўцы Вячаслаў Саламонаў і яго аднакласніца і верная спадарожніца жыцця праз нялёгкія 52 гарнізонныя гады Валянціна. Яна рассталася са школай у 1952 годзе. А Галіна Палупанава з Далёкага Усходу – у 1954-м.

Стэнд у школьным музеі нагадаў выпускнікам даёкія і шчаслівыя часы.

Які ж дзень нараджэння без падарункаў! Ад імя райвыканкама яго старшыня Юры Адамчык падарыў школе праектар і камплект спартыўнага абсталявання, абласное ўпраўленне адукацыі – новы камп’ютарны клас. Дэпутат Нацыянальнага сходу Беларусі Валянціна Лузіна ўручыла Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу і кнігі для бібліятэкі. Свае падарункі паднеслі сябры і шэфы навучальнай установы, выпускнікі. Менавіта яны выйшлі на сцэну ў якасці вядучых свята, дарылі прысутным ў зале песні і пранікнёныя словы ўдзячнасці.

Вітае юбіляраў старшыня Ашмянскага райвыканкама Юры Адамчык.

Гасцей вітаюць школьныя артысты – калектыў “Званочкі”.

Наталля ВАЛЫНЕЦ.

Фота аўтара.