Майстрам спорту па акрабатыцы выхаванец Вілейскай ДЮСШ Аляксандр Яцкевіч стаў у 16 гадоў.

– Саша, як ты прыйшоў у спорт: цябе прывялі бацькі ці ты сам прыняў такое рашэнне?

– Напачатку прыйшоў за кампанію з сябрам, мне тады было прыкладна сем год, пахадзіў крыху і кінуў, бо вырашыў, што не маё гэта. А пасля ўжо праз тры гады сябар, з якім я вучыўся ў адной паралелі, распавёў, што займаецца спортам, паклікаў мяне. Пачаў хадзіць і хутка “ўцягнуўся”, спадабалася, во і застаўся ў спорце – зараз не шкадую. Ужо сёмы год пайшоў, як я займаюся…

– Гэта даволі значны тэрмін, не надакучыла яшчэ?

– Ой, напачатку крыху ленаваўся, нават зноў кінуць хацеў, але зараз успрымаю заняткі спортам, як нешта звыклае. У першай палове дня – школа, а пасля – спорт.

– І ў колькі заканчваюцца заняткі?

– Трэніроўка працягваецца дзве, а то і тры гадзіны, гэта як атрымаецца, таму дамоў вяртаюся а восьмай гадзіне, а трэба ж яшчэ хатнія заданні рабіць. Калі шчыра, то ўжо зусім не да іх. Але разумееш, што гэта таксама трэба, і таму некалькі гадзін сядзіш над падручнікамі, каб выканаць ўсё.

– Няўжо спорт не замінае школе?

– Як калі: бывае, што ў школе шмат задалі і з трэніроўкі даводзіцца адпрошвацца, а калі і наадварот, скажаш у школе, што да спаборніцтваў рыхтавацца трэба, настаўнікі ж усё разумеюць, таму і адпускаюць з апошніх урокаў, калі не зусім важныя заняткі.

– А здаралася так, што проста з заняткаў сысці хацеў, во і казаў, што да спаборніцтваў рыхтавацца трэба?

– Здаралася… Бывае, у школе скажаш, што трэба рыхтавацца, а сам… Але ўсё роўна тое, што неабходна зрабіць на занятках, потым выконваеш дома, адзінае, што часу больш маеш. Дома за выхадныя зробіш, а пасля здаеш.

– Ты так шмат часу аддаеш спорту, а якія значныя дасягненні ўжо ёсць?

– Медалёў у мяне ўжо сем, а дыпломаў 15 ці 17, дакладна не памятаю, я іх ужо даўно не лічу. Сёлета вось майстра спорту атрымаў (ці то ў сакавіку, ці то ў красавіку) – гэта сапраўды тое, да чаго я імкнуўся і чым магу ганарыцца.

– Я так разумею, што гэта свайго роду вяршыня. Да чаго будзеш зараз імкнуцца?

– Да чаго?.. Атрымаць як мага больш залатых медалёў, больш разоў пастаяць на п’едэстале. Бо ў мяне пераважна бронзавыя ўзнагароды, а золата толькі адно. Таму мар і мэтаў у мяне хапае.

– Ты выконваеш парныя практыкаванні, працуеш не адзін, гэта, напэўна, вельмі складана?

– Ну, канешне, трэба рабіць усё у адным тэмпе, з адной хуткасцю, бо вынік залежыць не ад цябе аднаго. Нас два чалавекі, але мы адна пара, і нельга пра гэта забывацца. Складана яшчэ і ў эмацыйным плане.

– А не бывае так, што ты выканаў сваю частку практыкавання проста ідэальна, а твой напарнік зрабіў нешта не тое, і вы “праляцелі”?

– Здаралася і такое: здаецца выканаў усё на выдатна, твой партнёр “не дацягнуў”. Але ні крыўды, ні злосці гэта не выклікае, бо добра разумееш, што іншым разам менавіта з-за цябе самога нешта не атрымаецца. Таму, калі такое і здараецца, мы стараемся падтрымліваць адзін аднаго.

– А не крыўдна, што твае равеснікі ходзяць гуляць, а ты вымушаны ў гэты час займацца спортам?

– Не, не крыўдна. У мяне хапае сяброў і сярод тых, з кім мы разам займаемся. З імі можна абмеркаваць і школьныя справы, і нашы “прафесійныя”. Таму трэніроўкі праходзяць вельмі хутка, нават заўважыць не паспяваю.

– А дзяўчаты? На іх ў цябе хапае часу?

– Куды ж без іх. Трэніроўка трэніроўкай, а на дзяўчат час заўжды ёсць.

– А ты плануеш звязаць сваё далейшае жыццё са спортам?

– Я спадзяюся, што спорт нейкім чынам дапаможа мне пры паступленні ў ВНУ, але куды дакладна, я яшчэ не вырашыў. У мяне хапае часу, каб вырашыць, тут галоўнае не памыліцца.

– А што ты параіў бы тым, хто толькі пачаў займацца спортам?

– Пажадаў бы ім не кідаць гэту справу, тут галоўнае цярпенне і яшчэ раз цярпенне. Пройдзе пэўны час, з’явяцца першыя вынікі і ўзнагароды вашай працы, і тады вы ўжо самі не захочаце кідаць спорт.

– Вялікі дзякуй за шчырую размову.

Ганна ШЫШЛА.

Фота аўтара.

Таксама пра Вілейскую школу акрабатыцы чытайце тут.