Старая легенда вуснамі пакаленняў, а затым і старонкамі некаторых кніг паведамляла, што пасля таго, як у 1795 годзе, па ўказу расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, Вілейка стала павятовым горадам, яна неўзабаве прыехала сюды, пасадзіла некалькі бяроз на названым яе імем шляху і залажыла першы камень у падмурак будучага астрога.

На самой справе акалічнасці ўзвядзення ў Вілейцы найстарэйшага і нядрэнна захаваўшагася архітэктурнага збудавання зусім іншыя. 30 ліпеня 1846 года імператарам Мікалаем І быў зацверджаны “Нармальны праект турэмнага замка ў павятовых гарадах на 100 арыштантаў”. 2 лютага 1848 года ў Вілейскай губерні быў устаноўлены асобы земскі збор на 12 гадоў на абсталяванне будынкаў для дзяржаўных устаноў і турмаў.

І неўзабаве з боку Міністэрства ўнутраных спраў паступае загад Віленскаму генерал-губернатару аб неабходнасці ў першую чаргу замест зусім старых драўляных узвесці новыя мураваныя астрогі ў Дзісне і Вілейцы. Тлумачылася гэта тым, што існуючы ў Вілейцы турэмны замак цалкам спарахнелы і цесны, нязручны ў размяшчэнні арыштантаў і ўжо не паддаецца рамонту. Быў зроблены праект і складзены каштарыс на 49610 рублёў 17 капеек срэбра.

Пазней гэтую суму зменшылі да 45232 рублёў 83 капеек. Аднак з-за недахопу грашовых сродкаў будаўніцтва камяніцы на былой Нароцкай вуліцы паміж горадам і прыватнымі гарадскімі могілкамі пачалося толькі 16 красавіка 1854 года і працягвалася на працягу трох летніх перыядаў. У працэсе работ здараліся і непрадбачаныя выпадкі. Так, пры капанні катлавана пад калодзеж на тэрыторыі турмы высветлілася, што вада знаходзіцца на значнай глыбіні, а пясчаны грунт пастаянна асыпаецца і можа нават прывесці да разбурэння падмурка асноўнага збудавання.

Пасля некаторых даследаванняў вырашана было выкапаць студню ў падножжы гары на незасеяным гарадскім выгане за агароджай астрога на адлегласці ў 47 сажняў (100 м). Вядзенне будоўлі было аддадзена з таргоў у аптовы падрад Віленскаму купцу 1-й гільдыі Хаіму Англіну. Праз год ён памірае. А таму закончыць работы вымушана была давальніца залогу, павераная калежская дарадчыца Юзэфа Шкульцецкая. Яна з гонарам выканала ўскладзеную на яе місію, і 1 кастрычніка 1856 года будаўніцтва турэмнага замка было закончана. Аднак у сувязі з капаннем новага і засыпкай старога калодзежа, з падноскай на месца работ вады была выдаткавана дадатковая сума грошай. І толькі 30 лістапада 1863 года 129 рублёў 39 1/2 капейкі былі вернуты падрадчыку.

Першыя арыштанты

Хутка ў астрозе з’явіліся яго першыя “наведвальнікі”, і ў яго двары, абнесеным высокай каменнай агароджай, можна было назіраць даволі дзіўнае зборышча разнастайных людзей: канакрадаў, жулікаў, спіўшыхся чыноўнікаў, бадзяг і катаржнікаў, збеглых з руднікоў. Паўсюдна ішоў торг рознымі таварамі, што нагадвала базар. На турэмнай тэрыторыі размяшчаліся кватэра наглядчыка, лазня, лядоўня, адзінокія двары. У падвале астрога знаходзіліся пральня, гаўптвахта, кватэра вартаўнікоў, кладоўкі, ванна, кухня, пякарня, пакой для прыёму арыштантаў.

На першым паверсе месціліся 6 адзіночных камер, 8 камер для зняволеных па судоваму прыгавору малаважных злачынцаў з дваран і простых людзей, перасыльных арыштантаў, а таксама лазарэт і рэтырады (умацаванні). На другім паверсе былі камеры, падобныя на камеры першага паверха для арыштантаў-жанчын, лазарэт, аптэка і рэтырады. Унутры турмы жыццё таксама было шумнае. Зняволеныя сланяліся без справы па калідорах, тоўпіліся ля лазарэта, жаночага аддзялення.

Паблізу арыштанцкай кухні ўстройваліся “майданы” і “клубы па інтарэсах”. Паступова ў турмах наладжвалася як рэлігійнае выхаванне, так і школьнае навучанне. Да канца ХІХ стагоддзя сталі там з’яўляцца і бібліятэкі. Умовы ўтрымання зняволеных, асабліва палітычных, у турмах Расійскай імперыі былі даволі нядрэнныя. Так Ф.Э.Дзяржынскі, маючы за сваімі плячыма дзве ссылкі з уцёкамі адтуль, пры трэцім арышце быў змешчаны ў Варшаўскую цытадэль.

У лісце да брата адзначаў: ”… камера вялікая – 5х7 крокаў, вялікае акно з гранёным шклом, яда прыстойная, крыху малака падкупляю сам. Прагулка 15 хвілін. Бібліятэка. Пакупка два разы на тыдзень. Пісьмы – паўпаштовага лісціка ў тыдзень. Ванна (раз у месяц). Сяджу пакуль адзін…”. Згодна са “Зборнікам ўзаконенняў і распараджэнняў па турэмнай часці” (1903 год), харчаванне зняволеным на той час выдавалася на 37 капеек у суткі, што дазваляла рыхтаваць някепскія пайкі. Тыднёвы турэмны рацыён арыштанта царскай Расіі складаў: хлеба – 5730 г, кашы і круп – 1680 г, сала і мяса – 760 г, агародніны – 810 г, мукі – 85 г. У буднія дні на абед падаваліся вараная капуста ці гарохавы суп і іншыя харчовыя кампаненты.

Сутачны нядзельны і святочны рацыёны

Абед
У лапшу:
— вермішэлі 24 залатн. (102,24 г);
— мяса 2-га гатунку 30 залатн. (127,8 г);
— круп ячных 2 залатн. (8,52 г);
— солі 4 залатн. (17,04г).
У кашу:
— круп грэцкіх 32 залатн. (136,32 г);
— сала паляндвічнага 5 залатн. (21,3 г);
— солі 2 залатн. (8,52 г);
— хлеба чорнага 2 фунты (819 г).

Вячэра
Крупы грэцкія 17 залатн. (72,42 г);
сала філейнае 2 залатн. (8,52 г);
соль 1 залатн. (4,26 г).

Ды і турмы таго часу не былі перанаселенымі. Многія астрогі і наогул былі паўпустыя.

У сярэдзіне 50-х гадоў ХІХ стагоддзя на 53 асуджаныя прыходзілася 47 вызваленых. Толькі ў гады нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863-64 г.г.) беларускія турмы даволі хутка папаўняліся. У тыя грозныя дні першай рускай рэвалюцыі дастаўляліся сюды арыштанты Даўгінаўскага бунту, агітатары, распаўсюджвальнікі забароненай літаратуры, пракламацый з Куранца, Смаргоні і іншых месцаў.

Адбывалі тут пакаранне і сем матросаў з мяцежнага браняносца “Пацёмкін”. Прозвішчы двух вядомыя – Іваноў і Голікаў. Нашчадкі апошняга і цяпер жывуць у Вілейцы. Адміністрацыйна пакаралі тут трохмесячным арыштам ў 1906 годзе маладога настаўніка з Вілейшчыны Сымона Рак-Міхайлоўскага за распаўсюджванне нелегальнай літаратуры, прывезенай з Пецярбурга ў час наведвання яго ў якасці хадака ў Дзяржаўную Думу.

Падмурак польскай дзяржаўнасці грунтаваўся на тэроры мясцовых жыхароў

У гады першай сусветнай вайны ў Вілейцы размяшчаўся армейскі корпус Заходняга фронту, іншыя ваенныя ўстановы і воінскія часці. Летам 1917 года сюды прыязджаў вярхоўны галоўнакамандуючы часовага ўрада А.Керанскі з мэтай угаварыць на мітынгу салдат працягваць вайну да пераможнага канца. Аднак шмат было незадаволеных непатрэбным кровапраліццем, якія заяўлялі аб гэтым уголас і апыналіся за кратамі мясцовай камяніцы.

Не пуставала яна і ў гады грамадзянскай вайны, часовых нямецкай і польскай акупацый краю ў 1918-1920 гадах, мяняліся толькі шыльды ад “Город. Тюрьма” да “Wiezienie”. Апошняя і сёння ў сырое надвор’е выступае з-пад тынкоўкі.

Новы ўздым нацыянальна-вызваленчай барацьбы адбыўся на Вілейшчыне ў гады белапольскай акупацыі 1921-1939 гг. Паўсюдна пачалі арганізоўвацца розныя палітычныя гурткі, мясцовыя арганізацыі Таварыства беларускай школы, Беларускай сялянска-рабочай грамады, ячэйкі КПЗБ. Галоўным метадам кіравання польскіх уладаў у Заходняй Беларусі быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, створаны для ізаляцыі “грамадска-небяспечных элементаў”, былі перапоўненыя палітвязнямі.

Паліцыя неаднаразова арыштоўвала і саджала ў Вілейскую турму такіх змагароў за народнае шчасце, як ўдзельнікаў выступлення 1935 года нарачанскіх рыбакоў, а таксама Мікалая Мацюшу з Каралеўцаў, Міхаіла Хадзінскага з Астравоў, Піліпа і Андрэя Валынцоў з Жаўткоў, Паўла Гаўрыліка, Уладзіміра і Аляксандра Калядоў і Рыгора Усціновіча з Вілейкі, Антона і Аляксандра Круцькаў і Серафіма Ількевіча з Цынцавічаў, Канстанціна Зубовіча (пасля Герой Савецкага Саюза), Лізавету Дварэцкую з Лебедзеўскай гміны, якая пасля вайны была дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. У той час некаторыя турэмныя камеры, у тым ліку № 16, 17 і 18, былі адведзены для палітзняволеных.

У 1934 годзе ў іх адбывалі пакаранне А.Садоўскі з Вілейкі, а таксама вядомы дзеяч рэвалюцыйнага падпольнага руху Заходняй Беларусі паэт Валянцін Таўлай. Іх лёс у розныя гады раздзялілі такія паэты і пісьменнікі, як Алесь Дубровіч, Ганна Новік, Андрэй Капуцкі і іншыя. Камера №16 стала часовым “прытулкам” для палітвязняў Сцяпана Бурака з Мойсічаў Маладзечанскага раёна і Андрэя Валынца (пазней Герой Савецкага Саюза). Каб зламаць дух патрыётаў, Валынца пераводзяць у камеру-адзіночку.

Па ўспамінах тых жа вязняў Вілейскай турмы, умовы ўтрымання іх за кратамі спачатку былі больш-менш цярпімымі. Так А.Садоўскі расказваў пра 1934 год і В.Таўлая: “ Пры зняволенні дні цягнуліся вельмі марудна, і, каб не марнаваць дарма часу ў турме, вырашана было вучыцца. Таўлай займаўся з намі па палітэканоміі, гісторыі Камуністычнай партыі СССР, літаратуры. Мы мелі права трымаць у камерах пісьмовыя прылады. Усе свае веды з гімназіі і падпольнага жыцця ён аддаваў таварышам па барацьбе.

У Вілейскай турме ён пачаў пісаць сваю паэму “Мы аптымісты”. Малапісьменных таварышаў ён вучыў граматыцы, арфаграфіі, гісторыі, геаграфіі і іншым навукам. Калі хто-небудзь з таварышаў хварэў, то ён загадваў падтрымліваць яго лепшымі харчамі. За невыкананне загаду адміністрацыі мяне кінулі зімой у карцэр. Дзякуючы Таўлаю мяне выпусцілі праз чатыры гадзіны.

Ён прад’явіў адміністрацыі ўльтыматум: “Калі не выпусціце таварыша з карцэра за 4 гадзіны, то ўсе вязні закладаюць галадоўку ў знак пратэсту”. Шырокай душы быў падпольшчык-паэт”. Пасля пэўнага тэрміну адсідкі вязняў Вілейскай турмы перапраўлялі ў іншыя камяніцы, у тым ліку і сумна вядомыя віленскія “Лукішкі”.

Адзін з удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Р.Муха-Мухноўскі, які некаторы час знаходзіўся там пад следствам, у сваіх мемуарах адзначаў, што камера, у якой ён утрымліваўся пад арыштам, была невялікая: сем крокаў у даўжыню і тры ў шырыню. Жалезны ложак прыкаваны да сцяны, на ім — саламяны матрац, падушка, дзве прасціны з коўдрай. На снеданне падавалі каля паўкіло чорнага чэрствага хлеба, кусок іржавага сялядца, кружку чорнай ячменнай кавы. На абед – суп з ячнымі крупамі, запраўлены старым прагорклым салам, невялікая порцыя той жа ячнай кашы, палітая смярдзючым тлушчам. На вячэру былі селядзец з кіслай капустай і шклянка кавы.

Па ўспамінах тых жа сведкаў, у турмах прымяняліся і меры фізічнага пакарання. Ганна Новік пісала пазней, што “Мы маўчалі, хаця нас білі бізунамі, засоўвалі пад пазногці іголкі, зашчэмлівалі пальцы рук у дзверы, з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў улівалі праз нос ваду ці газу. Не вытрымаў катаванняў мой таварыш па падполлю Платон Шляпа, яму адбілі лёгкія. Юнак памёр”. Ніна Паўлаўна Жоўтка з Цынцавічаў згадвала, што прысутнічала ў час вывазу з Вілейскай турмы ў “Лукішкі” ў 1935 годзе яе родзіча, кіраўніка Цынцавіцкай арганізацыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Мікалая Петрыкевіча. Апрануты ён быў у добры цывільны касцюм, але рукі былі чорныя ад катаванняў. Як высветлілася пазней, Мікалай Рыгоравіч на допытах сваёй віны не прызнаў і таварышаў не выдаў.

Вязніца на Першамайскай не пуставала ніколі

17 верасня 1939 года прынесла збаўленне вязням Вілейскай турмы, але доўга яна не пуставала. З’явіліся новыя катэгорыі зняволеных – “ворагі народа”, “контррэвалюцыянеры” і з іншымі сфабрыкаванымі фармулёўкамі. У сувязі з перадачай Вільні Літве, калі многіх зняволеных з Лукішкаў пераводзілі ў іншыя савецкія турмы, частка іх апынулася і ў Вілейцы.

Такі лёс напаткаў старшыню Саюза яўрэйскіх журналістаў і літаратараў Вільні, аднаго з заснавальнікаў розных яўрэйскіх навучальных устаноў, названага “піянерам і стваральнікам падмурка лексікаграфіі яўрэйскіх пісьменнікаў” Залмана Рэйзена. Арыштаваны 1 кастрычніка 1939 года, затым яго перавялі ў Вілейку. Загінуў, хутчэй за ўсё, на этапе. Асаблівае месца ў беларускай гісторыі займае Антон Луцкевіч, лінгвіст, гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч.

Ён быў старшынёй Рады народных Міністраў і міністрам замежных спраў абвешчанай 25 сакавіка 1918 года незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. 30 верасня 1939 года быў арыштаваны па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай барацьбе і ўтрымліваўся пад следствам у Вілейскай турме. Сляды яго згубіліся ў час эвакуацыі вязняў у чэрвені 1941 года. Падобнае здарылася і з першым рэдактарам “Нашай Нівы”, “Сахі”, “Лучынкі” і іншых зборнікаў, сенатарам польскага сейма нашым земляком Аляксандрам Уласавам.

Арыштоўваліся ў Вілейцы і сядзелі тут у астрозе публіцыст, філосаф-эстэтык Уладзімір Самойлаў, прафесар, аўтар многіх кніг па гісторыі Вілейшчыны і Мядзельшчыны Францішак Сяліцкі, ураджэнец в.Мікуліна (каля Даўгінава). У адной са сваіх кніг Ф.Сяліцкі апісвае жудаснае ўтрыманне ў Вілейскай турме арыштантаў у перыяд 1939-41 гадоў. Камеры былі перапоўненыя, есці давалі слаба, амаль паўгода не было ні мыцця, ні дэзінфекцыі. Сярод арыштаваных можна было бачыць адвакатаў, пекараў, суддзяў, святароў, нават быў рэктар Віленскага універсітэта.

Пасля 17 верасня 1939 года ліміт Вілейскай турмы значна павялічыўся і складаў 350 чалавек. Аднак на самой справе колькасць арыштантаў перавальвала за тысячу. Камеры літаральна былі набіты зняволенымі, як селядцы ў бочцы. У ноч на 23 чэрвеня па тэлефоне было атрымана распараджэнне аб эвакуацыі турмаў Вілейскай вобласці. З мясцовай турмы для перамяшчэння ў Разанскую турму №1 было падрыхтавана 1023 чалавекі. Ф.Сяліцкі далей успамінаў, што 24 чэрвеня папоўдні быў атрыманы незвыклы загад – хутка паесці і пастроіцца на пляцы з усімі рэчамі.

Ахова ўстрывожаная хадзіла побач з процівагазамі. Былі чутны недалёкія выстралы. Гэта расстрэльвалі вязняў, што не падлягалі эвакуацыі. Калона па 5 чалавек выйшла з турмы і рушыла ў 120 кіламетровы шлях на Барысаў. Канвойныя ішлі вакол вязняў праз 5-8 крокаў адзін ад другога з прымкнёнымі штыкамі на карабінах. Саслабелых і арыштантаў на мыліцах саджалі на калёсы. Тыя, хто дайшоў да Барысава на чацвёртыя суткі этапа, былі пасаджаны ў чакаўшыя іх 35 вагонаў.

Эшалон з імі 5 ліпеня прыбыў у Разань. Усяго ў мясцовую турму былі перададзены 871 чалавек. Такім чынам, за 12 сутак дарогі ад Вілейкі да Разані, звязанай з пастаяннымі налётамі і бамбардзіроўкамі варожай авіяцыі, страцілі ўсяго 142 зняволеныя. Гэтыя лічбы не выклікаюць сумнення, бо ўзятыя з дакладных дакументаў НКУС. Таму неабгрунтаваныя прыведзеныя некаторымі гісторыкамі факты аб массавым знішчэнні вязняў Вілейскай турмы ў “крывавай” дарозе на Барысаў, дзе прыводзіцца лічба да 800 чалавек.

Як выказваліся відавочцы трагедыі тых дзён, адразу пасля таго, як прадстаўнікі савецкай улады пакінулі горад, шмат людзей наведала ўстанову, якую старалася раней абмінаць. У двары турмы яны ўбачылі склеп, у якім, каб не было чуваць выстралаў ці крыкаў, органы НКУС забівалі ці душылі сваіх ахвяр. Сляды ад куль на сцяне былі заклеены ці замазаны, а падлога старанна пасыпана жоўтым пясочкам, з-пад якога праступала кроў. Вялікі натоўп людзей стаяў каля раскапанай ямы, куды былі звалены і прысыпаны свежыя трупы. Людзі плакалі.

У некалькіх дзесятках метраў ад той “дарогі смерці” каля вёсак Чыжэвічы і Касута адбыўся першы расстрэл вязняў на этапе, якіх затым паскідвалі ў бульбяныя ямы. У 1991 годзе на гэтым месцы сіламі грамадскасці быў пастаўлены помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій – між камянёў з адпаведнымі надпісамі – сімвал у выглядзе з’яднаных праваслаўнага і каталіцкага крыжоў.

Па некаторых дадзеных, знішчэнне вязняў адбывалася і на іншых участках этапа, у тым ліку і каля Плешчаніц. Далей свае крывавыя і значна больш маштабныя і вытанчаныя справы працягвалі фашысты. Як стала вядома, толькі ў горадзе і ваколіцах Вілейкі яны знішчылі ў гады акупацыі звыш 7 тысяч ваеннапалонных, партызанаў, падпольшчыкаў і мірных жыхароў.

Сам будынак турмы немцамі не выкарыстоўваўся. Па-першае, ён быў пашкоджаны напачатку вайны, а па-другое, акупанты доўга тут трымаць зняволеных не планавалі. У іх расправа наконт гэтага была хуткай. Для сваіх рэпрэсіўных мэт гітлераўцы выкарыстоўвалі новую драўляную турму СД, якая знаходзілася побач з мураванай, у двары сучаснага будынка РАУС – міліцыі. Толькі расстрэлы карнікі праводзілі на тэрыторыі старой турмы каля яе паўночнай сцяны, а трупы скідвалі ў раней падрыхтаваныя ямы. Некаторыя з іх былі яшчэ жывымі.

Аднаму з такіх “расстраляных” у 1942 годзе Антону Пятроўскаму цудам удалося выжыць. Зваліўшыся ў яму параненым, куля прайшла праз шыю, увайшла ў рот і выйшла паміж зубоў, нават не выбіўшы іх, яго накрыў сабой чарговы расстраляны. Прысыпаўшы пяском магілу, паліцэйскія аддаліліся. Пятроўскі, вызваліўшыся ад цела загінуўшага, выкарабкаўся з ямы і ў цемнаце дапоўз да чыгункі, а адтуль пешшу пайшоў дадому на Мядзельшчыну. Пазней ён згадваў, што расстрэлы ў турэмным двары вялі найчасцей ахоўнікі з ліку немцаў, якія да вайны жылі ў Латвіі і вызначаліся асаблівай жорсткасцю.

Апынуўся тут у тыя грозныя часіны і беларускі вучоны з сусветным імем Барыс Кіт. Яму ўлады дазволілі адкрыць у Маладзечне гандлёвую школу. Але па дарозе туды арыштавалі, западозрыўшы ў сувязі з партызанамі. Да высвятлення абставін давялося сядзець месяц у Глыбоцкай, а два тыдні – у Вілейскай турмах. Кожны дзень быў сведкам, як вязняў вывозілі на расстрэл. Часам ямы з забітымі людзьмі залівалі растворам з каўстычнай содай.

І так працягвалася амаль да самага вызвалення Вілейкі. У ліпені 1944 года ў падвале аднаго з дамоў Гродна органамі “Смерш” быў затрыманы падазроны чалавек у форме віцэ-капрала Войска Польскага. Пры далейшым разбірацельстве высветлілася, што гэта Уладзімір Іванавіч Ясінскі, былы жыхар Вілейкі, які з вясны 1942 года да ліпеня 1944 года быў начальнікам Вілейскай турмы СД. На яго сумленні сотні самаручна расстраляных жыхароў і савецкіх ваеннапалонных. 10 красавіка 1945 года выязная сесія Вярхоўнага Суда СССР прыгаварыла яго да найвышэйшай меры пакарання – праз павешанне. І гэта неўзабаве было прылюдна выканана ў Вілейцы.

Пасля вызвалення старая турма зноў стала дзейнічаць па сваім прамым назначэнні і хутка напоўнілася здраднікамі, былымі паліцэйскімі, крымінальнымі элементамі і простымі людзьмі, якія за хаценне есці і жыць вымушаны былі працаваць у розных акупацыйных установах, за што былі аднесены да нямецкіх пасобнікаў і ворагаў Савецкай улады. У сярэдзіне 50-х гадоў у Вілейскай турме адбылося надзвычайнае здарэнне, калі група злачынцаў, асуджаных на працяглыя тэрміны пакарання, уцякла, пракапаўшы патаемны лаз за турэмную сцяну. Але ахова своечасова схапянулася, і ўсе збеглыя зноў апынуліся за кратамі.

У 1964 годзе турма спыніла сваю дзейнасць і неўзабаве была перароблена ў анкалагічны дыспансер. Яшчэ ў 1966 годзе пры правядзенні тут земляных работ адкопвалі чалавечыя косці. Аднак у той час вялікага шуму з гэтага не падымалі, спісвалі на астанкі ахвяр масавых расстрэлаў савецкіх грамадзян нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Восенню 1994 года пачалося будаўніцтва новага корпуса медыцынскай установы, і пры рыцці катлавана зноў былі выяўлены невядомыя пахаванні. Для многіх вязняў, ні ў чым не вінаватых людзей, турэмны двор з’явіўся апошнім жыццёвым прытулкам.

Сёння цяжка канстатаваць, ахвярамі чыіх рук яны сталі, — органаў НКУС ці нямецка-фашысцкага рэжыму, але ўсе яны людзі і заслужылі таго, каб былі ўстаноўлены іх імёны, а астанкі пахаваны. Што і зроблена на новых Вілейскіх могілках, дзе непадалёку ад уваходу высіцца вялікі драўляны крыж, а побач – камень-валун, на якім высечаны такія словы: “Ратуй нас, Хрысце, лёсу пакутнікаў, змучаных і расстраляных у турме Вілейскай за часы існавання яе. Дабраслаў, Божа, душы палеглых айцоў, братоў і сясцёр нашых, імён якіх не ведалі і ведалі…”.

Анатоль Рогач, Вілейка.