Сярод 58 заяў камісія вылучыла 35 удзельнікаў праграмы, якая прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва ўладаў з мясцовай супольнасцю на рэгіянальным узроўні. Такім чынам, 35 рэгіёнаў Беларусі змогуць прымаць удзел у трэнінгах, а таксама атрымліваць фінансавую дапамогу для сваіх праектаў на конкурснай аснове. Акрамя таго, усім пілотным рэгіёнам будзе аказвацца арганізацыйная дапамога пры падрыхтоўцы Зялёных маршрутаў, пракладзеных праз “зялёныя”, прыродныя калідоры.

Аб тым, якім чынам удзел у праекце паўздзейнічае на жыццё рэгіёну, распавяла “РГ” старшыня Залескага сельсавета Ала Шыцікава.

– Ала Мікалаеўна, з чаго ўсё пачыналася, адкуль з’явілася ініцыятыва?

– Летась я была на курсах у Акадэміі кіравання, дзе і пачула ад аднаго з выкладчыкаў пра праект “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Па вяртанні ў Залессе я прапанавала землякам паўдзельнічаць у конкурсе. Такім чынам з’явілася ініцыятыўная група, у якую ўвайшло больш за 20 чалавек, а ўзначаліў яе доктар мясцовай амбулаторыі Франц Шчуроўскі. Пасля стварэння ініцыятыўнай групы мы запрасілі ў Залессе спецыялістаў з міжнароднага фонду “Жывое партнёрства”, якія, скарыстаўшыся формай трэнінгу, дапамаглі выявіць моцныя і слабыя бакі нашага населенага пункта. Такім чынам акрэсліліся тры напрамкі працы – гісторыка-культурны, экалагічны і турыстычны.

– Імя Міхала Клеафаса Агінскага ва ўсіх на слыху. Ці плануецца праз мясцовыя праекты адкрыць гасцям “іншае” Залессе?

– Так, з гэтым праблем не будзе. Мы распрацавалі некалькі маршрутаў па нашым рэгіёне. Паколькі Залескі сельскі савет – багаты на гісторыю край, цяжкасцяў з распрацоўкай мы не адчулі. Але ў любым выпадку ўсе вандроўкі па залескай зямлі пачынаюцца з сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага, бо на ёй шмат што завязана, і ў некаторых маршрутах маёнтак паўстае з нечаканага боку.

Возьмем, напрыклад, маршрут, прысвечаны Першай сусветнай вайне, які не мінае маёнтак Агінскага, бо ў ваенны час тут знаходзіўся шпіталь, дзе працавала дачка Льва Талстога графіня Аляксандра Талстая. Ад сядзібы мы накіроўваемся да помніка ахвярам газавай атакі, затым – на могілкі ля царквы ў Міхневічах, пасля якіх едзем у Вялікую Мысу, дзе захаваліся абарончыя збудаванні з часоў Першай сусветнай вайны.

Адзін з маршрутаў прысвечаны мастацтву. Тут мы падаём Агінскага як музыку, як творчага чалавека. Ад сядзібы кампазітара рушым ў Вётхава, дзе захавалася хата вядомага мастака Паўла Южыка. З Вётхава вяртаемся ў Залессе, дзе ля чыгуначнай станцыі жыў скульптар Жываеў. Паблізу знаходзіцца Дом рамёстваў, куды мы таксама наведаемся. На зваротным шляху да сядзібы Агінскага завітаем ў госці да мастака Аляксандра Навіцкага, рамесніцы Таццяны Кежун, мастака і музыкі Сяргея Верамейчыка.

– Агінскі знакаміты не толькі як музыка…

– Таму мы і распрацавалі маршрут гісторыка-культурнага кшталту. Праз яго Агінскі паўстае не толькі як кампазітар, але і як вядомым грамадскі і палітычны дзеяч. З сядзібы мы накіроўваемся ў суседні Алянец, дзе знаходзіцца каплічка – кажуць, што яна была збудаваная падчас вайны 1812 года на месцы пахавання французскіх салдат. З Алянца едзем у Міхневічы – там захаваўся фундамент старой карчмы. Па мясцовых паданнях менавіта ў гэтай карчме, пасля разгрому войска Тадэвуша Касцюшкі, Міхал Клеафас і напісаў знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай”. З карчмы рушым у смаргонскі касцёл, далей – у Свірыдавічы і Шутавічы, якія таксама маюць цікавае гістарычнае мінулае.

Ёсць маршрут, які прысвечаны непасрэдна Міхалу Клеафасу Агінскаму. Сюды ўваходзіць Вётхава. Вёсачка ўзнікла на месцы высечкі лесу, які належаў Агінскім. Яна дагэтуль вельмі вузенькая – як кажуць, два кані не размінуцца. З Вётхава рушым у Амеліна, якое сваёй назвай абавязана дачцэ кампазітара Амеліі. Ёй Міхал Клеафас падарыў гэтую вёску, назваўшы яе ў гонар дачкі. З Амеліна вяртаемся ў Залессе, заходзім ў Дом рамёстваў і далей – да старой карчмы ля Міхневічаў.

Мы азначылі гэтыя маршруты і падалі заяву на адбор. Праз некаторы час ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое курыруе праект з боку Беларусі, атрымалі віншаванне з паспяховым праходжаннем конкурснага адбору.
Хутка пачнём працу над Мясцовай павесткай – праграмай развіцця, разлічанай на 5-7 год. У большай ступені гэта будзе тычыцца непасрэдна Залесся. Яно як цэнтр і было ўключанае ў гэту праграму, якая, акрамя ўсяго, зможа даць людзям занятак.

– Сярод мясцовага насельніцтва назіраецца актыўнасць?

– Свята Масленіцы і фестываль-кірмаш “Залессе запрашае сяброў” сталіся таму штуршком. Асноўная наша задача – паказаць людзям, што яны могуць нешта рабіць самі. У кірмашы ўдзельнічалі мясцовыя жыхары, і госці ацанілі гэта – квас, медавуху, поліўку, прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах. На наступны год людзі ўжо самі прапаноўваюць свой удзел у свяце. Такім чынам, падняць людзей у нас атрымалася.

– У праграме праекта акрэсленая магчымасць фінансавання на конкурснай аснове. Гледзячы на размах планаў, узнікае пытанне аб памерах дапамогі – наколькі яна зможа пакрыць выдаткі?
– Да прыкладу, грошы, прадугледжаныя для распрацоўкі Зялёных маршрутаў, змогуць пакрыць толькі 25% выдаткаў. Астатняе трэба шукаць самім – у нас ужо ёсць досвед у гэтым плане. Жнівеньскае свята “Залессе запрашае сяброў” мы праводзілі з далёкім прыцэлам. На ім прысутнічала каля 2500 чалавек, сярод якіх і нашы славутыя землякі.

Менавіта ад іх сыходзіла прапанова адкрыць разліковы рахунак. Цяпер мы працуем над Статутам і ў хуткім часе плануем стварыць фонд па развіцці Залесся і маёнтку Агінскага.
Фестываль-кірмаш мы плануем як штогадовы, кожную другую суботу жніўня Залессе будзе чакаць гасцей. Свята, дарэчы, адбылося, таксама дзякуючы мясцовым прадпрыемствам, якія працуюць на тэрыторыі Залескага сельскага савета. Людзі адгукнуліся, бо разумеюць значнасць гэтага месца – выдаткоўваюць грошы, дапамагаюць рабочымі, транспартам. Акрамя таго, і самі мы не будзем сядзець склаўшы рукі – галоўнае, пачаць.

– Што станецца першым крокам да рэалізацыі буйнога праекта?

– Пакуль у нас недастаткова вопыту, таму замахвацца на вялікія справы няма сэнсу. Пачынаць будзем з маленькіх. Каля маёнтка ёсць крынічка, якая зараз зарасла. Працу па добраўпарадкаванні вадаёмаў ля маёнтка мы хочам пачаць з яе. А потым, разам з мясцовымі школьнікамі, са смаргонскімі гімназістамі ачысцім рэчку Драй да самага вытоку – да Вяллі, каб тут, як некалі раней, ізноў завяліся ракі. Бераг рачулкі, на якім яшчэ нядаўна размяшчалася звалка цвёрдых бытавых адходаў, плануем засадзіць дубамі. У наступным годзе спадзяёмся адзначаць свята ў парку ля альтанкі – працы па яе аднаўленні засталося няшмат, працэнтаў 70 ужо зроблена.

Увогуле ж, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны на свяце Залесся выказаў меркаванне, што 250-годдзе кампазітара мы будзем сустракаць у адноўленым маёнтку. Яно адбудзецца ў 2015 годзе – не так доўга чакаць.

Святлана СТАНКЕВІЧ.

Фота забяспечана аўтарам.