Каманды Маладзечна і Валожына выступілі на абласной спартакіядзе дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 1997 года нараджэння і малодшых, якая праходзіла 18-20 верасня ў Барысаве.

Маладзечанцы пад кіраўніцтвам трэнераў Паўла Герасімюка і Віты Сівіцкай выступілі больш удала, чым землякі-валожынцы. Віта Сівіцкая расказала ў інтэрв’ю “РГ”, што ў спартакіядзе ўзялі ўдзел таксама спартсмены з Барысава, Мінскага раёна, Дзяржынска, Лагойска, Беразіно і Стоўбцаў.

Першае каманднае месца сярод юнакоў заваявала маладзечанская каманда ў складзе Мікіты Папова і Вадзіма Асадчага. У камандных спаборніцтвах дзяўчат трэцімі сталі нашы Марыя Каспяровіч і Аліна Каросцік.

Не было роўных Мікіту Папову ў іншых відах спаборніцтваў. Ён стаў абсалютным чэмпіёнам вобласці, заняўшы першае месца ў асабовым, парным першынстве і ў парна-змешаным разрадзе.

Вадзім Асадчы заняў першае месца ў парным першынстве і стаў другім у асабовым заліку.

На рахунку Марыі Каспяровіч трэція месцы ў асабовым і парным заліках, а таксама першае ў парна-змешаным разрадзе. Аліна Каросцік ўзнялася на трэцюю прыступку п’едэсталу ў парным першынстве.

Валожынскія юнакі занялі трэцяе каманднае месца, а дзяўчаты сталі пятымі.

Сяргей ЗЯНЬКО.