Сёлета ў Маладзечне рэзка ўзрасла колькасць крадзяжоў грошай праз банкаматы са скрадзеных банкаўскіх картак. Калі летась за шэсць месяцаў такіх крадзяжоў было толькі 7, то за сёлетнія паўгода – 25. Рост склаў 250 працэнтаў. Чужыя грошы зладзеі знімаюць мільёнамі.

“Пашырэнне банкаўскіх паслуг па выдачы зарплаты праз банкаматы і, адпаведна, павелічэнне колькасці банкаўскіх картак ў насельніцтва, канешне, аб’ектыўныя прычыны росту такіх злачынстваў, – кажа ў інтэрв’ю “РГ” старшы памочнік пракурора раёна Леў Кроер. – Але, разам з тым, безадказныя адносіны ўладальнікаў картак да іх захоўвання і да тайны пін-кода правакуе злачынцаў і развязвае ім рукі”.

Па словах Льва Кроера, у людзей увайшло ў прывычку захоўваць банкаўскую картку разам з паперкай, на якой напісаны пін-код да яе. Бывае, патаемныя лічбы нават выдзіраюць на картцы, што яшчэ больш спрашчае задачу зламысніку.

Каб злодзею атрымаць чужую банкаўскую картку з кодам да яе, трэба залезці ў сумку, кашалёк ці асабістыя рэчы сваёй ахвяры. І такія выпадкі ў Маладзечне і раёне былі. Але былі іншыя, калі проста незразумела, навошта чалавек сам, добраахвотна, гучна называе свой пін-код і перадае картку іншы раз ледзь знаёмаму чалавеку.

У верасні ў раённым судзе ішоў працэс над 18-гадовай дзяўчынай. 920 тысяч рублёў яна зняла з чужой банкаўскай карткі, грошы патраціла, а картку, як непатрэбную рэч, выкінула ў парку…

…Кампанія – чатыры хлопцы і дзяўчына – адпачывала ў адным з пакояў у інтэрнаце на вуліцы Касманаўтаў. Выпівалі. Калі спіртное скончылася, адзін хлопец папрасіў другога схадзіць у магазін і купіць гарэлкі яшчэ. Даў яму сваю банкаўскую картку і назваў пін-код.

Пасланец вярнуўся ні з чым: пакуль дайшоў да банкамата, забыўся код. Яго нагадала хлопцу адзіная ў кампаніі дзяўчына, якая таксама чула, якія лічбы называў гаспадар карткі. З другой спробы бутэлька гарэлкі, напітак “Фанта” і тое-сёе з закускі былі купленыя. На гэта пасланец патраціў каля 20 тысяч рублёў, знятыя з карткі.

Калі гулянка скончылася, яе “спонсар” паклаў картку ў заднюю кішэню штаноў і пайшоў спаць. Прачнуўшыся праз пару гадзін, карткі ў кішэні не знайшоў. Следства высветліла: яе выцягнула тая самая адзіная ў кампаніі 18-гадовая дзяўчына.

Толькі прымірэнне ў судзе пацярпелага і абвінавачанай, а таксама кампенсацыя нанесенай шкоды выратавалі дзяўчыну ад прыгавору суда. Па артыкуле Крымінальнага кодэкса за такія “свавольствы” можна атрымаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей ЗЯНЬКО.