У горадзе і раёне 18, 19 і 20 верасня адбыліся тры дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх пацярпелі людзі. Траўмы атрымалі вадзіцель, пешаход і два пасажыры транспартных сродкаў.

Зводку здарэнняў прадставіў для “РГ” інспектар маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч.

Аўтавышка збіла пешахода

У Маладзечне на Вялікім Гасцінцы 18 верасня ў 7 гадзін 45 хвілін аўтавышка ГАЗ-5301, якая належыць аднаму з прадпрыемстваў горада, збіла 20-гадовага пешахода. Грузавік ехаў па галоўнай вуліцы горада ў бок вёскі Насілава. Недалёка ад завода БеЛТіЗ вадзіцель не спыніўся на чырвоны сігнал святлафора.

Пешаход пераходзіў дарогу справа налева па ходу руху грузавіка. Аўтавышка зачапіла яго пад’ёмнай пляцоўкай. У выніку наезду пацярпелы атрымаў рану лба і сіняк на левай назе.

“Жыгулі” перакуліліся, вадзіцель уцёк

У дзяжурную часць міліцыі з бальніцы №1 у суботу, 19 верасня, у 17 гадзін 10 хвілін прыйшло паведамленне, што ў траўматалагічнае аддзяленне дастаўлены 31-гадовы мужчына з закрытым пераломам груднога пазванка і гематомай.

Нарад дарожна-паставой службы ДАІ выехаў на месца. Работнікі міліцыі высветлілі: траўмаваны мужчына – пасажыр шостай мадэлі “Жыгулёў”, якія дзве гадзіны назад перакуліліся на аўтадарозе Рачкава–Літва. “Жыгулі” знайшлі ў кювеце на першым кіламетры гэтай дарогі.

Паводле праведзенай праверкі, 23-гадовы кіроўца легкавушкі ехаў з пасажырам у бок Літвы. Каля 15 гадзін на гравійнай дарозе ён не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у правы кювет і перакуліўся. Пасля гэтага шафёр уцёк з месца здарэння.

“Форд” не размінуўся з “Крайслерам”.

На вуліцы Паўночная ў Маладзечне 20 верасня каля 16 гадзін не размінуліся аўтамабілі “Форд-Эскорд” і “ Крайслер-Ваяджэр”. Як высветлілі работнікі дзяржаўтаінспекцыі на месцы здарэння, вадзіцель “Форда”, які выязджаў з другараднай дарогі на галоўную, не прапусціў “Крайслер” і ўдарыў яго.

У выніку аварыі 45-гадовы кіроўца “Форда” атрымаў раны галавы і калена, у 51-гадовай пасажыркі “Крайслера” – закрыты пералом ключыцы і пералом рабра грудной клеткі.

Аперацыя “Хуткасць”

Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці ад 21 да 27 верасня праводзіць аперацыю “Хуткасць”. Падчас мерапрыемстваў супрацоўнікі ДАІ звернуць асаблівую ўвагу на парушальнікаў хуткаснага рэжыму. Дзмітры Стасюлевіч нагадаў, што за такое правапарушэнне прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь, за паўторнае перавышэнне хуткасці на працягу года парушальніка могуць пазбавіць правоў кіравання.

Сяргей ЗЯНЬКО.