Зводку здарэнняў прадставіў для “РГ” інспектар маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч.

Пешаход загінуў, мапедыст атрымаў траўмы

У дарожна-транспартных здарэннях, якія адбыліся ў Маладзечанскім раёне 25 і 26 верасня, пад коламі аўтамабіля “Пежо-306” загінуў 51-гадовы пешаход, а 26-гадовы кіроўца мапеда атрымаў траўмы.

Мапед перакуліўся ў кювеце

У пятніцу, 25 верасня, у вёсцы Гарадзілава на вуліцы 17 Верасня каля дзевяці гадзін вечара вадзіцель мапеда “ALPHA-ZS50F”, які рухаўся ў бок Беразінскага, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у правы па ходу руху кювет і перакуліўся. Малады мужчына атрымаў пералом чэрапа, цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і пералом правай ключыцы. Пацярпелага адвезлі ў траўматалагічнае аддзяленне бальніцы.

“Пежо” збіла пешахода

На 66 кіламетры аўтадарогі Мінск–Нарач у 20.15. аўтамабіль “Пежо-306” збіў 51-гадовага пешахода. Пацярпелы ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. Іншамарка, якой кіраваў 19-гадовы маладзечанец, рухалася з боку Мінска ў бок Маладзечна. Здарэнне адбылося недалёка ад павароту на вёску Загор’е. Вадзіцель не заўважыў на цэнтры дарогі пешахода падчас раз’езду з сустрэчнай машынай.

Пешаход не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. У вадзіцеля ўзялі кроў на наяўнасць у ёй алкаголю.

Сяргей ЗЯНЬКО.