На абласным першынстве стартавалі маладзечанскія шахматысты. Паспяхова пачалі свае выступленні майстар спорту Віталь Качаткоў і яго 11-гадовы сын Эдзік.

У спаборніцтвах дарослых спартсменаў, якія прайшлі на пачатку верасня ў Барысаве, Віталь Качаткоў заняў другое месца. Да першага трохі не хапіла. Віталь 5 партый выйграў і 2 згуляў унічыю.

Эдзік у барацьбе з дарослымі сапернікамі дабіўся 50-працэнтнага выніку – 3 перамогі, 1 нічыя і 3 паражэнні. І ўжо праз два тыдні, 18-21 верасня, у тым жа Барысаве, у першынстве вобласці сярод спартсменаў да 18 гадоў, у якім узялі ўдзел 28 шахматыстаў, 11-гадовы Эдзік перасягнуў самыя аптымістычныя чаканні.

Юны маладзечанскі шахматыст спыніўся ў паўкроку ад п’едэстала гонару. Качаткоў-малодшы атрымаў 4 перамогі, 2 партыі завяршыў унічыю і толькі 1 прайграў. У выніку з сапернікамі, якія на 3-4 гады старэйшыя, ён падзяліў 3-6 месцы.

Такія вынікі выступлення Эдуарда Качаткова даюць падставы меркаваць, што ў сваім узросце на абласным першынстве спартсменаў да 12 гадоў, а таксама на спаборніцтвах шахматыстаў узростам да 14 гадоў, асаблівай канкурэнцыі ў маладзечанца не будзе. Спаборніцтвы пройдуць пасля Новага года.

Равеснікі Качаткова, маладзечанцы Ваня Ярашэвіч і Паша Пятроўскі, на вобласці сярод шахматыстаў да 18 гадоў выступілі больш сціпла. Ярашэвіч набраў 2,5 ачка, заняўшы 24 месца, Пятроўскі з 1,5 ачка стаў 27-м.

А ў самім Маладзечне шахматны сезон пачаўся з адкрыцця першынства па актыўных шахматах. Гульні праходзяць у гарадскім шахматным клубе на вуліцы Забэйды-Суміцкага, 2 па панядзелках, серадах і пятніцах. Пачатак – у 18 гадзін.

Сяргей ЗЯНЬКО.