Прывітанне, краіна! Так хочацца з табой зноў паразмаўляць:)

Бульбу выкапалі? Ну, тады лацвей ўзяцца за газету. І не забываць, што нашы інфармацыйныя матэрыялы можна знаходзіць не толькі ў пятніцу на 24-х старонках “РГ”, а ў любы дзень на сайце rh.by.

Ні сайт, ні ўласна газета не з’яўляюцца люстраным адбіткам адно аднаго. Скажам так, яны як брат і сястра. Вельмі падобныя. Але чым больш сталеюць, тым больш адрознымі робяцца. Набываюць і сталасць, і адметныя рысы.

Дарэчы, нават падчас капання другога хлеба наведнікаў сайту ніколькі не паменшала. Пашырылася і наша геаграфія. Няхай яшчэ не вельмі шмат, але чытаюць rh.by у далёкім Нью-Ёрку, туманным Лондане, вясёлай і энэргічнай Варшаве (не блытаць з Адэсай, дзе наш адрас rh.by таксама ведаюць). Ну, і, зразумела, у Бабруйску. І яшчэ ў сотнях іншых малых вёсках і вялікіх гарадах.

Дадзеныя абсалютна дакладныя. Як дакладна і тое, што тэмы, узнятыя і на старонках “РГ”, і на сайце rh.by, жывуць у каментарах, якія часткова (не заўсёды і ўсё – памятаем пра адрознасць брата-сайта і сястры-газеты) змяшчаюцца ў рубрыцы “СМС-эксперт”. Некаторыя нашы тэмы і публікацыі, якія “транслююцца” на іншых сайтах і парталах Інтэрнэта, даволі актыўна абмяркоўваюцца і там.

З апошніх запісаў мне запомніліся нават не палемічныя пра тое, наколькі нам неабходныя прыснулыя паліцэйскія на дарогах Маладзечна (чытайце П’яны кіроўца збіў дзяўчынак“Спячы паліцэйскі” ляжа ля “Белмаркета” ў кастрычніку, Ці ляжа “спячы паліцэйскі” ля “Белмаркета”?), ці наколькі сапсаванымі прадуктамі гандлююць у вілейскай краме “Алеся”. А простая ацэнка публікацыі “Вайна зямлянкам і баракам” нашым інтэрнэт-заўзятарам Ігарам: “Вельмі цікавы артыкул! Пабольш бы іх па тэматыцы мінулага нашага горада [Маладзечна – А.М.]. Хацелася б, каб часцей размяшчалі фотаздымкі з выявамі горада ў мінулым”.

Ігар, мы будзем і далей шукаць і размяшчаць такія здымкі. І Маладзечна, і Вілейкі, і Астраўца… Але тут ёсць яшчэ адзін адказ. Ці прапанова, як таго пажадаеце. Мы можам напаўняць гэту рубрыку здымкамі з нашых старых альбомаў разам – і рэдактары сайта, і простыя чытачы. Дасылайце іх нам на электронны адрас regionnews@promedia.by (на сайце rh.by ёсць спецыяльная функцыя сувязі з намі і праз гэты адрас). Можам разам папаўняць не толькі гэту рубрыку. Падзяліцеся любой навіной, уражаннем, думкай, праблемай або клопатам. І наш сайт («наш» – значыць сайт чытачоў, а не рэдакцыі) стане і крыніцай інфармацыі, і месцам сустрэч.

А бульба ўрадзіла? Мой калега, скардзячыся на неўраджай, урэшце сам сябе супакоіў: “Пераару поле яшчэ раз, накапаю яшчэ мех і досыць нам. А не накапаю, макаронай задаволімся!”

Не бульбай адзінай жывы беларус! Так, мая любая краіна? Не забывайма на адрас rh.by!

Заўсёды ваш Аляксандр МАНЦЭВІЧ, галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газеты”.

Гарады, якія чытаюць «Рэгіяналку» ў Інтэрнэце

На момант падрыхтоўкі нумару «вяршыня» рэйтынгу папулярнасці  нашага сайта па геаграфіі наведванняў была наступнай:

Мінск (сюды ўключаныя іншыя гарады Беларусі, якіе не паказаныя ў гэтым рэйтынгу асобна)
Берлін
Варшава
Галле (Halle, Германія)
Масква
Баруэры (Barueri, Бразілія)
Бабруйск (Babruysk, Беларусь:)
Кіеў
Гомель
Ярфала (Jarfalla, прыгарад Стакгольма, Швецыя)
Віцебск
Гданьск
Наваполацк
Лондан
Вільня
Іркуцк
Новы Белград
Крыніца: Google Analytics