Першы ў Беларусі конкурс прафесійнага майстэрства “Дранік-шоу” прайшоў на базе прафесійна-тэхнічнага каледжа 28 верасня.

“Дранік-клас” працуе згуртавана.

“Чарпачкі” хутчэйшыя, затое лупенне таўсцей.

Дабаўкі! Хачу яшчэ!

Кожная каманда атрымала ў падарунак ДВД-прайгравальнік.

Удзельнічалі дзве каманды па пяць чалавек у кожнай. Першая каманда “Дранік-клас” складалася з навучэнцаў 3 курса: Алены Чырво, Таццяны Кот, Аксаны Астапенка, Яна Кудрашова і Аляксандра Радзюша. А ў другую каманду – “Чарпачкі” – увайшлі другакурснікі Анастасія Хагеян, Вераніка Цэгалко, Таццяна Штуро, Кацярына Харук і Дыяна Мандрык. Ацэньвалі прафесійнае майстэрства навучэнцаў пяць членаў журы: Ігар Кіцікаў – дырэктар каледжа, Ала Замасцьяніна – настаўніца спецдысцыплін, Таццяна Русакевіч – журналіст, Ягор Кудмічоў і Таццяна Волчык.

Уся шоу-праграма складалася з трох заданняў. Падчас першага задання ўдзельнікі расказвалі пра сябе, пра каманду. Адметнасцю стала тое, як сказаў Ігар Кіцікаў, што ўсё было насычана беларускім каларытам і мясцовымі традыцыямі. Расказы навучэнцаў вяліся пад мелодыі гармоніка.

За першы этап журы выстаўляла камандам адзнакі. Вышэйшым балам было 4. У выніку каманда “Дранік-клас” у агульнай суме атрымала 20 балаў, а “Чарпачкі” – 19.

Наступны этап – “Хуткаснае прыгатаванне дранікаў” – праходзіў на час. Удзельнікам неабходна было аблупіць па адным кілаграме бульбы, здзерці яе і спячы дранікі. З пастаўленай задачай справіліся абедзве каманды, але менш часу на прыгатаванне патрацілі “Чарпачкі”. Яны ўсё выканалі за 17 хвілін.

“Чарпачкі” былі першыя і падчас трэцяга конкурснага задання, якое называлася “Хуткаснае паяданне дранікаў”. Частку гатовых бульбяных аладак удзельнікі далі пакаштаваць членам журы, а астатнія з’елі самі. Ад кожнай каманды дранікі на хуткасць елі па два навучэнцы. Ад каманды “Дранік-клас” на паяданне пайшлі Ян Кудрашоў і Аляксандр Радзюш, а каманду “Чарпачкоў” прадставілі Вераніка Цэгалко і Кацярына Харук.  Удзельнікам неабходна было з’есці па пяць аладак. Дзяўчынкі з “Чарпачкоў” справіліся за 50 секунд, апярэдзіўшы сваіх сапернікаў з каманды “Дранік-клас”.

Падвёўшы вынікі ўсяго конкурсу, перамогу атрымалі “Чарпачкі”. Але без падарункаў журы не пакінула нікога. Каманды-ўдзельніцы атрымалі ДВД-прайгравальнікі.

– Гэта быў чэмпіянат каледжа па “хуткасным паяданні дранікаў”, – расказвае Ігар Кіцікаў. – Такі конкурс у нашай краіне прайшоў упершыню. У Інтэрнэце прачытаў, што быў спечаны самы вялікі дранік. Але я ніколі і нідзе не чуў, каб калісьці праводзілі такія конкурсы, як у нас. А дранікі мы выбралі таму, што гэта страва з’яўляецца адной з візітак Беларусі.

Надзея СТАНКЕВІЧ.

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.