Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ў інтэрв’ю “РГ” адзначылі, што ў Вілейскім раёне ўраджай бульбы сёлета хутчэй за ўсё будзе на 15-20% ніжэйшы, чым летась. Прычына – надвор’е. Яно было завільготнае для бульбы, а залішняя вільгаць спрыяе развіццю такой хваробы раслін, як фітафтора. Да таго ж у сельгаскааператывах паспадзяваліся на прагноз сіноптыкаў, якія абяцалі засушлівае лета, таму стараліся садзіць бульбу на нізкіх участках, што яшчэ больш павялічыла вільготнасць.

Але гэта як у якой гаспадарцы. У “Новай Віліі” (вёска Селішча Вілейскага раёна), напрыклад, на ўраджай бульбы не скардзяцца. Паводле папярэдніх падлікаў, ён можа быць нават вышэйшы, чым летась: 150 цэнтнераў з гектара супраць леташніх 138. “Мы сёлета зменшылі плошчу пасадкі, але пасадзілі элітную, сартавую бульбу, – патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ” эканаміст “Новай Віліі” Вольга Кіслая. – Пакуль што вядзём выбарачную ўборку, не суцэльную, таму лічбы магчыма зменяцца”.

Гэтая гаспадарка прадае свой ураджай у Маладзечне і ў Вілейцы. Цэны фарміруюць у залежнасці ад попыту, натуральна, каб працаваць з прыбыткам, а не са стратамі. Тым не менш кілаграм бульбы ад “Новай Віліі” на вуліцах Маладзечна каштаваў рублёў на 200 менш, чым на рынку. Некаторыя пакупнікі нават робяць аптовыя заказы, асабліва на бульбу. Гэты “беларускі хлеб” і разбіраюць хутчэй: 29 верасня праз дзве гадзіны працы бульбы і цыбулі ў машыне ўжо не засталося.

Па словах прадаўца Людмілы Рабкоўскай, сёлета ўвогуле бульбу купляюць ахвотней: летась ураджай быў лепшы і ў іншых сельгаскааператывах, і ў асобных гаспадароў.

У параўнанні з 2008 годам цана, па словах Вольгі Кіслай, крыху вышэйшая, але, адзначыла яна, за год падаражэлі і паліва, і запчасткі да тэхнікі, і хімікаты.

На маладзечанскім рынку выраслі цэны і на іншыя прадукты сельскай гаспадаркі: на сала, масла, тварог, малако… Па словах саміх прадаўцоў-вытворцаў, цэны ўстанаўлівае “хто як хоча”, дзяржава не рэгулюе цэны на прадукты, вырабленыя ў прыватных гаспадарках. Тым не менш моцна яны не адрозніваюцца: тварог 7000-9000 рублёў, сала – 15000, малако – 2200. А яйкі дык увогуле раніцай 30 верасня прадавала толькі адна бабуля. За 4000 рублёў. І стаяла яна са сваім таварам доўга – пакупнікі не тоўпіліся каля яе. А што тоўпіцца, калі за гэтыя грошы можна купіць паўтара дзесятка фабрычных. Так, свойскія, так, жоўценькія, як сонейка, але ж цана “кусаецца”. Пра гэта кажуць і самі прадаўцы: “Летась цэны былі меншыя на масла. І на тварог: цяпер па 6000 яго не прадаюць, хіба што хто стаяць не хоча. Ды і то – тлусты, добры тварог па 6000 не прадаюць: гэта ж дагледзь ты карову, а сена ёй насушы, а як лета мокрае…”, – патлумачылі яны сваю сістэму цэнаўтварэння. Толькі кошт малака, кажуць, не змяніўся. Але лічбы сведчаць пра іншае.

У абсалютным выражэнні, намінальныя цэны ў рублях у параўнанні з вераснем-кастрычнікам 2008 года сапраўды выраслі на ўсё. Але ж за гэты час і курс беларускага рубля да асноўных замежных валют змяніўся – з 2110 на 2840 рублёў за 1 долар. А ў доларавым пераліку падаражэлі якраз малако, тварог, масла і сала. Яйкі каштуюць столькі ж: летась 3000 рублёў адпавядалі 1,4 долара, сёлета гэта 4000 рублёў. А вось бульба нават трошкі падзешавела. І гэта пры тым, што чыноўнікі самага высокага ўзроўню месяц-паўтара таму палохалі неўраджаем і, адпаведна, ростам цэн. “Ураджай бульбы ў гэтым годзе можа аказацца ніжэйшым, чым летась. Халодны май, дажджлівыя чэрвень і ліпень – і бульба пачала гінуць”, – паведаміў у інтэрв’ю карэспандэнту БелТА намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве і плодаагароднінаводстве НАН Беларусі Іван Калядка.

Магчыма, у іншых рэгіёнах краіны цэны сапраўды іншыя, але на маладзечанскім рынку бульбу прадаюць па 800 рублёў за кілаграм. Летась – па 600. Гэта значыць, што на адзін долар у 2008 годзе можна было купіць 3,51 кілаграма, сёлета – 3,55 кілаграма. Іншая справа, што даходы насельніцтва за ростам курсаў валют паспяваюць далёка не заўсёды. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная налічаная заработная плата, разлічаная з улікам росту цэн на тавары і паслугі ў ліпені 2009 года ў параўнанні з ліпенем 2008 года зменшылася на 0,9%.

Святлана ЦІШКО.