Кіраўніцтва Гарадзейскага цукровага камбіната ў Маладзечне 27 верасня не дачакалася перамогі сваіх падапечных. Мы не далі праціўніку ніводнага шансу паразіць нашы вароты, а Космач на 42 хвіліне свой гол забіў.

Барацьба ў штрафной пляцоўцы «Гарадзеі» была ўпартай.

Саліднай і ўпэўненай гульнёй назваў у інтэрв’ю “РГ” дзеянні нашай каманды трэнер Віталь Казяк. “Гарадзея”, якую спансуе мясцовы цукровы камбінат, не хавае пастаўленай задачы – другое месца па выніках сёлетняга сезона.

“Каляндар напрыканцы розыгрышу ў іх напружаны, і госці зусім не супраць былі прывезці з Маладзечна дамоў тры ачкі. Пра гэта сведчыць і прыезд у наш горад дырэктара і акцыянераў цукровага камбіната”, – сказаў Віталь Казяк.

Па словах трэнера, нашы разумелі перад гульнёй: у складзе саперніка футбалісты, якія прайшлі школу вышэйшай лігі. Няхай сабе яны не так добра падрыхтаваныя фізічна, але гэта не ўзровень “Оршы” ці “Жлобіна” – камандаў, якія могуць дараваць памылкі саперніка. “Гарадзея” за кошт вопыту сваіх гульцоў памылак не даруе, таму асабліва важна было ўпэўнена згуляць у абароне.

Толькі б не сурочыць, але і варатар Канстанцін Сашчанка, і крайнія абаронцы Станіслаў Баламут і Павел Суман згулялі практычна без памылак і не пакінулі гасцям шансаў.

Пасля пачатку гульні гарадзейцы больш валодалі ініцыятывай дзесьці ад восьмай да пятнаццатай хвіліны. А пасля нашы правялі хуткую контратаку, якую пасля перадачы злева Сяргея Дараховіча галавой завяршаў Аляксандр Грыхуцік. На жаль, міма варот. Яшчэ праз пяць хвілін цудоўную магчымасць забіць не выкарыстаў Віталь Макрыцкі.

Госці адказалі небяспечнымі выпадамі на 23 і 32 хвілінах. У першым выпадку ўдар быў недакладны, у другім – у блізкім вугле варот мяч забраў Сашчанка. А праз 10 хвілін адбыўся гол. З сярэдняй адлегласці па варотах прабіў Яўген Курловіч. Мяч трапіў у штангу, адляцеў прама на Сяргея Космача, якому ў пустыя вароты цяжэй было не забіць – 1:0. Гэты гол стаў трынаццатым у сезоне на рахунку нашага нападаючага і вывеў Сяргей на першае месца ў спрэчцы бамбардзіраў.

У другім тайме гульня праходзіла ва ўзаемных атаках. Але, па словах Віталя Казяка, і трэнеры, і балельшчыкі адчувалі ўпэўненасць у дзеяннях нашых паўабаронцаў у цэнтра поля. Нядрэнна глядзеліся ў першым тайме нападаючыя Аляксандр Грыхуцік і Сяргей Космач, а выхад на замену ў другім тайме Сяргея Корсака, безумоўна, узмоцніў нападзенне.

“Канешне, штосьці шалёнае гарадзейцы нам маглі забіць, але хутчэй мы маглі развіць наш поспех, чым сапернікі – адыграцца, – кажа Віталь Казяк. – Па ходу гульні было бачна, што наша каманда мабілізаваная і сканцэнтраваная. Будзем спадзявацца, што перамога надасць нам упэўненасці, і мы будзем далей крочыць да сваёй мэты, якую пакуль не агучваем”.

Наступны матч гуляем дома на гарадскім стадыёне ў нядзелю, 4 кастрычніка, з віцебскім “Мясакамбінатам”. Звяртаем увагу: гульня пачнецца не ў 16 гадзін, як звычайна, а ў 15. Раней цямнее… Не спазняйцеся!

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца*:

1. Рудзенск          53

2. Гарадзея          43

3. Маладзечна      38

4. Вертыкаль        38

5. Слуцкцукар      33

6. Асіповічы          33

7. Зорка-БДУ        32

8. Нёман              29

9. Клечаск            27

10. Жлобін           24

11. Бяроза           22

12. Лівадзія          21

13. Мясакамбінат 18

14. Орша             13

“Слуцкцукар” і “Мясакамбінат” правялі на адну гульню менш.