У 23 туры 26 верасня на стадыёне маладзечанскай спартшколы “Беразінскае” згуляла ўнічыю 0:0 з лідэрам розыгрышу чысцінскай “Забудовай-2007”, а вілейская “Вілія” ў гасцях саступіла Любані з лікам 0:1.

Беразінцы не выкарысталі шанс дагнаць чысцінцаў. У выпадку перамогі з любым вынікам гаспадары поля зраўняліся б па ачках з землякамі. Згуляўшы ўнічыю, “Забудова” за тры туры да канца чэмпіянату пакідае пакуль за сабой першы радок у турнірнай табліцы. А вось “Беразінскае” прапусціла на другое месца дзяржынскую “Лівадзію-Юні”, якая атрымала буйную перамогу 6:2 у Уздзе над “Аўтамабілістам”.

І першы, і другі тайм матча “Беразінскае” – “Забудова” праходзілі большасцю ў цэнтры поля. З таго, што было створанае самае вострае, можна ўспомніць удар беразінцаў у штангу на 39 хвіліне гульні, а таксама штрафны, які прабівалі на 71 хвіліне чысцінцы. Тады “Беразінскае” двойчы запар выручыў Сашчанка. Спачатку Косця адбіў мяч пасля ўдару са штрафнога, а пасля не разгубіўся, калі нападаючы гасцей спрабаваў дабіць яго ў вароты. Разам з тым было відаць: Чысць зусім не супраць разысціся з Беразінскім мірам, а вопытныя футбалісты гаспадароў, канешне, трымалі ў галаве тое, што назаўтра ім выходзіць за “Маладзечна” супраць “Гарадзеі”, і таксма не вельмі напружваліся.

Зноў у зону вылету з першай лігі трапіла вілейская “Вілія”. Віляйчане не знайшлі аргументаў у гасцях супраць “Любані”, такога ж самага кандыдата на вылет у другі дэвізіён чэмпіянату вобласці, – 0:1. У “Віліі” пакуль 13 радок у турнірнай табліцы. Зрэшты, ад трох камандаў, якія вышэй за нашых землякоў, віляйчан аддзяляюць адно-два ачкі. Такім чынам, нічога яшчэ не страчана ў барацьбе за права ў наступным сезоне таксама гуляць у першай лізе.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца:

1. Забудова-2007        49

2. Лівадзія-Юні           48

3. Беразінскае              46

4. Клецк                    40

5. Жодзіна-2007         37

6. Аўтамабіліст            36

7. Нёман                    36

8. Прысталічча            35

9. Рудзенск-2              30

10. Любань                 22

11. Старыя Дарогі       22

12. Штотц-Агра-Сэрвіс 21

13. Вілія                     20

14 Колас                    15