У Вішневе на Валожыншчыне ў мінулую суботу каля мясцовага касцёлу ўрачыста адкрыта крыніца, якая шэсць стагоддзяў давала людзям гаючую ваду, а у савецкія часы была закіданая камянямі.
Добраўпарадкавалі крыніцу сумеснымі намаганнямі вернікі мясцовай парафіі Наведвання найсвяцейшай дзевы Марыі, пры дапамозе вернікаў сталічнай парафіі касцёла Сымона і Алены. Таксама ім актыўна дапамагалі мясцовыя праваслаўныя. Асвяціў крыніцу архібіскуп менскі і магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас урачыстай імшы Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў вернасць хрысціянскай традыцыі сумесна наладжваць жыццё, вырашаць праблемы праз супрацу і узаемадапамогу. Архібіскуп заклікаў вернікаў жыць паводле хрысціянскіх маральных нормаў. У сваім слове да вернікаў Тадэвуш Кандрусевіч згадваў словы патрыярха Кірыла падчас нядаўняга наведвання ім Беларусі.

Мясцовая настаўніца Тэрэза Пупа пайменна назвала і падзякавала ўсім, хто дапамагаў аднавіць крыніцу, у тым ліку прадстаўнікам мясцовай, Валожынскай і Менскай абласной адміністрацый.

Мястэчка Вішнева вядомае больш за 600 гадоў, касцёл Наведвання найсвяцейшай дзевы Марыі быў пабудаваны ў 1424 годзе, нагадаў айцец Уладзіслаў Завальнюк, які дапамагаў у аднаўленні крыніцы. Айцец Уладзіслаў заклікаў вернікаў берагчы мясцовыя традыцыі і шанаваць гісторыю Беларусі. Урачыстая імша, а таксама ўсе ўрачыстасці ў Вішневе праходзілі на беларускай мове.

У гонар падзеі каля крыніцы былі пасаджаныя дрэвы. Адно з іх — вішню — мясцовыя жыхары пасадзілі ў памяць пра ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, які болей за 50 гадоў кіраваў мясцовай парафіяй.

Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

— Няхай гэтая адноўленая крынічка ня будзе для нас такім талісманам, які людзі носяць і думаюць, што ўсё будзе добра. Гэтак, як павесяць падкову на аўтамабіль і думаюць, што ўсё будзе добра. Трэба ня толькі пасвяціць машыну, але трэба добра вывучыць правілы дарожнага руху. Хай і дзесяць падкоў навесь, нічога ня будзе, калі ня умееш вадзіць. Таксама і нам. Трэба ведаць нашы нормы, якія нам даў Бог. І жыць паводле іх. Няхай сённяшняя ўрачыстасць нам дапаможа ў гэтым”.

Настаўніца Вішнеўскай сярэдняй школы Тэрэза Пупа:

— Вельмі шмат працавалі дзеля гэтай крыніцы і людзі, якія маюць уладу. Гэта Альшэўскі Віктар, начальнік мясцовага цэха дрэваапрацоўкі Валожынскага лясгасу. Таксама з прадпрыемства “Белтрубаправодбуд” шмат працавалі Казакевіч і Багуслаўскі. Дапамагалі машынамі, дапамагалі сродкамі, якія маюць. І асабліва мы удзячныя нашаму ляснічаму, які ёсць старшынёй касцельнага камітэту, гэта Пётар Балдоўскі.

Жыхарка Вішнева Тэрэза Крымоўская распавяла пра гісторыю крыніцы:

— Я, калі была малая, то памятаю, як гэта ў нас была такая жывая вада. А потым яна была запушчаная і закіданая камянямі. Ведаеце, час быў такі, калі і касцёлы руйнавалі. І вось я нейк прыехала, а я доўга жыла ня тутака, пайшла прыбраць за магіламі ксяндзоў і паглядзела, а што адбываецца з крыніцай. Знайшла каменні і праз іх сачылася вада. Вось гэтая вада, якая зараз б’е з крыніцы. І неўзабаве людзі, вернікі, пачалі тут збірацца ды паступова ўсё расчысцілі, а потым сумеснымі намаганнямі, вось дзякуючы і айцу Уладзіславу з Менску, тут усё добраўпарадкавалі.

Вернікаў павіншаваў прадстаўнік Менскага аблвыканкаму Іван Маркевіч:

— Сёння на Валожынскай зямлі важная і радасная для ўсіх нас падзея. У нас стала больш на яшчэ адну святыню. Ад імя Менскага аблвыканкаму я віншую вас усіх з гэтым выдатным і нават гістарычным днём. Найперш жадаю вам здароўя.

Паводле народнага падання, вада з крыніцы ад касцёлу Наведвання найсвяцейшай дзевы Марыі дапамагае хворым на рэўматызм і лечыць ад захворванняў зроку. Пасля асвячэння крыніцы сюды за жыватворнай вадой едуць людзі з усіх куткоў Беларусі.

Паводле “Радыё Свабода”.

Фота Настассі Шамрэй.