За мінулы тыдзень (28.09-4.10) міліцыя ўзбудзіла па дзве крымінальныя справы па артыкулах “Махлярства” і “Хуліганства” і адну справу па артыкуле “Службовы падлог”. Зводку здарэнняў для нашага выдання прадставіў начальнік дзяжурнай часці райаддзела ўнутраных спраў Ігар Шупенька.

 

Грошы атрымлівала жонка дырэктара

Пасля праведзенай праверкі міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу ў адносінах да 53-гадовага дырэктара аднаго з прадпрыемстваў горада па артыкуле “Службовы падлог”.

Аператыўныя работнікі міліцыі ўстанавілі, што ад 10 кастрычніка 2006 года да чэрвеня 2009 года дырэктар маладзечанскага прадпрыемства плаціў зарплату сваёй 43-гадовай жонцы, якая насамрэч не працавала.

Кіраўнік прадпрыемства склаў заведама лжывы дакумент аб прыняцці на работу новага супрацоўніка. Гэты супрацоўнік ніводнага дня не працаваў на сваёй пасадзе, а зарплата яму налічвалася. Грошы дырэктар плаціў сваёй жонцы. Цяпер яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Пабіў нагамі “Мэрсэдэс”

Крымінальная справа па артыкуле “Хуліганства” ўзбуджаная ў адносінах да 34-гадовага беспрацоўнага маладзечанца, які 23 верасня каля дома №35 па вуліцы Францішка Скарыны нагамі біў па машыне “Мэрсэдэс”.

Паводле праведзенай праверкі, па машыне было нанесена не менш за пяць удараў. Гаспадару іншамаркі нанесеная шкода ў памеры 1 мільёна 500 тысяч рублёў. Зламысніка затрымаў нарад патрульна-паставой службы міліцыі.

Выбіў шыбу ў інтэрнаце

Падчас расследавання крымінальнай справы па артыкуле “Грабеж” у адносінах да 46-гадовага маладзечанца міліцыя ўстанавіла яшчэ і факт хуліганства. Як высветлілася, абвінавачаны 2 ліпеня каля 23 гадзін 30 хвілін у фае інтэрната на вуліцы Забэйды-Суміцкага нанёс два ўдары кулаком па шыбе акна вахты. Шкло разбілася. Мужчыну прыйдзецца адказаць і за хуліганства.

Прадаў сувенірную сотню як сапраўдную

У дзяжурную часць міліцыі 1 кастрычніка звярнуўся 77-гадовы пенсіянер, які заявіў, што 27 верасня ў Красным, у сваім доме, невядомы мужчына прадаў яму за 100 тысяч беларускіх рублёў купюру ў 100 долараў ЗША. Пасля высветлілася, што купюра не сапраўдная, а сувенірная.

Аператыўнікі ўстанавілі, што злачынства здзейсніў 39-гадовы маладзечанец. Справа ўзбуджаная па артыкуле “Махлярства”.

Скарыстаўся даверам

Таксама ў махлярстве абвінавачаны 21-гадовы раней неаднойчы судзімы жыхар Маладзечна. 2 кастрычніка з заявай у міліцыю звярнуўся 29-гадовы мужчына і заявіў, што 29 верасня ў яго скралі мабільны тэлефон “Нокіа-6322”. Падчас праверкі ўстаноўлена, што зламыснік папрасіў пацярпелага пазваніць. Калі той адвярнуўся, злодзей уцёк. Нанесеная шкода ацэненая ў 667 тысяч рублёў. Абвінавачаны змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, тэлефона ў яго не знайшлі.

Сяргей ЗЯНЬКО.