«Падтрымка дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі развіцця на мясцовым узроўні». Так называецца праект, па якім працуюць у Цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Маладзечна са сваімі выхаванцамі.

Удзел у ім ініцыявала Міністэрства адукацыі, а рэалізоўваецца праект з дапамогай Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі.

– Праца і мастацтва – вось тыя два віды дзейнасці, з якімі ў дарослае жыццё пойдуць нашы выхаванцы, – пачала размову дырэктар установы Анжаліка Шапяленка. – Ніхто ж не будзе спрачацца, што маладым інвалідам цяжэй шукаць сваё месца пад сонцам, чым іх равеснікам. Але з мінулага года мы працуем па праекце «Падтрымка дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі развіцця на мясцовым узроўні». На атрыманы транш (15 тысяч у.а., і з іх асвоена больш за палову) пабудаваная цяпліца, закуплены інвентар, грунт, насенне, расада, спецыяльная літаратура. Дзеці з задавальненнем працуюць у цяпліцы, а вырашчаную расаду перасаджваюць на новыя клумбы, чым упрыгожваюць прылеглыя тэрыторыі.

Таксама, згодна з праектам, праводзяцца семінары і майстар-класы для выпускнікоў цэнтра, іх бацькоў і спецыялістаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пасяджэнні бацькоўскіх клубаў.

Асобна трэба сказаць пра заняткі ў арт-майстэрні. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва не толькі стымулюе маторыку рук, але і развівае дзіцячую фантазію, каб ствараць новыя вобразы, а з цягам часу гэта захапленне цалкам можа перарасці ў прафесію і стаць дадатковай крыніцай дабрабыту. Для работы закуплена ўсё неабходнае: бісер, скура, дрот, фарбы, тканіны, спецыяльная літаратура.

Асноўная мэта праекта – забяспечыць пераемнасць пераходу выпускнікоў цэнтраў карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Міністэрства адукацыі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а на справе гэта значыць – дапамагчы атрымаць выхаванцам цэнтра працоўныя навыкі, забяспечыць сацыяльную рэабілітацыю дзяцей і маладых інвалідаў праз іх удзел у сумесных конкурсах і выставах па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве з іх здаровымі равеснікамі, развіваць валанцёрскі рух. І ўсё гэта для таго, каб потым выпускнікі змаглі праявіць пэўную самастойнасць і інтэгравацца ў грамадства.

Сёння ўстанову наведваюць 60 дзяцей (яны вучацца стацыянарна, а некаторыя тут і жывуць кругласутачна) плюс яшчэ карэкцыйная група з 18 чалавек, з якімі займаюцца спецыялісты ў прысутнасці бацькоў, і для усіх іх цэнтр стаў сапраўды другім домам, дзе яны вучацца жыць у калектыве і атрымліваць тыя навыкі, якія спатрэбяцца ім далей.

“З такой катэгорыяй насельніцтва, як дзеці і маладыя людзі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, мы працуем пастаянна, – сказаў Аляксандр Каранкевіч, каардынатар праграмы «Абарона правоў дзяцей», прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН «ЮНІСЭФ» у Беларусі. – У дадзеным выпадку праект апраўдвае нашы спадзяванні цалкам. Паралельна з назапашваннем вопыту ідзе і распрацоўка метадычных матэрыялаў, каб потым з напрацоўкамі маладзечанскіх спецыялістаў змаглі азнаёміцца і іх калегі з аналагічных цэнтраў вобласці і рэспублікі”.

Застаецца толькі дадаць, што тэрмін дзеяння праекта разлічаны на 2008-2010 гады, а бацькі і дзеці з Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі спадзяюцца, што падобныя праграмы будуць рэалізоўвацца тут і надалей.

Святлана МАРХЕЛАВА, вучаніца 11 класа гімназіі №10.