Калі Алена толькі ўладкавалася на працу (чатыры гады таму), то была спачатку падменным паштальёнам, а потым ёй далі свой участак, які яна цяпер і абслугоўвае. У абавязкі жанчыны ўваходзіць не толькі разносіць газеты і часопісы. Яна яшчэ выдае насельніцтву пенсіі, прымае аплату за тэлефон, электраэнэргію. Акрамя таго, займаецца жанчына яшчэ і экспрэс-поштай – прыносіць лісты, якія былі адпраўленыя ўчора і павінны быць прынесеныя сёння, дастаўляе пенсіянерам і тавары на дом.

– Сумка ў мяне не павінна перавышаць па вазе 15 кілаграмаў, – расказвае Алена Мароз, – але з-за таго, што прывожу тавары на заказ, яна значна цяжэйшая. Таму каб даставіць пошту па раёне, я езджу на машыне з вадзіцелем. Напэўна, у руках я такую сумку не змагла б насіць.

Працуе Алена па восем гадзін на дзень ад аўторка і да суботы. Бывае і такое, як кажа яна, што дадому прыходзіць вельмі стомленая. Таму часта вячэру для ўсёй сям’і гатуе муж.

– На пошту я прыходжу а палове шостай раніцы, і, нягледзячы на ўсё, я сваю працу вельмі люблю, – кажа Алена Мароз. –  Кожны дзень размаўляю з цікавымі людзьмі, у мяне няма жорсткіх абмежаванняў у часе па дастаўцы пошты, прымаю ўдзел у розных спартыўных мерапрыемствах, якія праводзіць вузел сувязі.

Надзея СТАНКЕВІЧ.