У нашым грамадстве адсутнічае культура мыслення, лічыць загадчык псіханеўралагічнага дыспансэра Мікалай Сураўцаў. Мазгі, кажа ён, трэба трэніраваць, як і мышцы.

– Мікалай Віктаравіч, 10 кастрычніка адзначаюць Сусветны дзень аховы псіхічнага здароўя. Праблема настолькі сур’ёзная, што для гэтага асобны дзень вылучылі?

– Праблема сапраўды сур’ёзная. У нас на дыспансэрным уліку (з цяжкімі захворваннямі, якія патрабуюць доўгага нагляду) летась знаходзіліся 912 чалавек і на кансультацыйным уліку (з неўратычнымі расстройствамі, бяссонніцай і г.д.) – 4482. Сёлета за дзевяць месяцаў ужо зарэгістраваліся адпаведна 945 і 4893 чалавекі. І гэта толькі дарослыя, якія стаяць на ўліку ў псіхіятра. А мы ж лечым і хворых на алкагалізм, і наркаманаў, а таксама дзяцей і падлеткаў з усімі відамі расстройстваў.

Статыстыка, як вы бачыце, паказвае, што колькасць людзей, якія звяртаюцца па дапамогу да нарколагаў і псіхіятраў, расце. Гэта значыць, павялічваецца неўратызацыя насельніцтва, што можа быць звязана з урбанізацыяй грамадства, ростам сацыяльна-бытавых праблем.

Адным з важных паказчыкаў, які характарызуе сацыяльна-эканамічны стан грамадства, з’яўляецца колькасць здзейсненых самагубстваў і спробаў суіцыду. Так, летась зарэгістравалі 30 суіцыдаў і 122 спробы. За студзень-верасень гэтага года – 27 і 167 адпаведна.

– Як наш раён з такой статыстыкай выглядае на фоне іншых?

– Рост псіхічных расстройстваў – сусветная тэндэнцыя. Да таго ж у нашым грамадстве адсутнічае культура мыслення, людзі не займаюцца гігіенай мазгоў. Калі чалавек не чысціць зубы, ён рана ці позна стане пацыентам стаматолага. Гэтаксама і з псіхікай – людзям трэба прывіваць культуру мыслення. Існуе такая заканамернасць: людзі сталага ўзросту, якія маюць вышэйшую адукацыю, значна радзей пакутуюць на старэчыя расстройствы інтэлекту, чым іх аднагодкі без адукацыі. Гэта значыць, што мазгі таксама трэба трэніраваць, як і мышцы.

– Скажыце, хворыя да псіхіятраў прыходзяць самі ці іх прыводзяць заклапочаныя сваякі?

– Звычайна людзі прыходзяць самі. Сваякі падключаюцца, калі чалавек не разумее, што хворы. Але нават у такім выпадку атрыманне медыцынскай дапамогі – справа добраахвотная. Мы ўмешваемся без яго згоды, толькі калі ён небяспечны для навакольных. У астатніх выпадках чалавек можа адмовіцца ад лячэння. Часта не прызнаюць наяўнасць праблемы хворыя на шызафрэнію, расстройствы інтэлекту (псіхозы, прыдуркаватасць), алкагалізм.

– А пры якіх захворваннях чалавек становіцца небяспечным для навакольных?

– Звычайна пры вострых псіхозах. Але тут, як і ў здаровых людзей, усё залежыць ад асобы: адзін гатовы забіць іншага і не маючы расстройстваў псіхікі, іншы на забойства не пойдзе. Існуюць розныя погляды на прызначэнне псіхіятрыі. Некаторыя хацелі б бачыць у псіхіятрах такіх паліцэйскіх, якія абаранялі б грамадства ад хворых. Але мы, дактары, абараняем пацыентаў і працуем для іх. Задача доктара – лячыць. Закон аб псіхіятрыі таксама абараняе прыватнае жыццё пацыента.

– Вось кажуць “нармальны чалавек”. Што такое норма з пункту гледжання псіхіятра?

– Норма – гэта шэрасць, гэта ціхія троечнікі. Псіхатэрапія займаецца тым, што ніжэй ці вышэй за норму. Напрыклад, Сакрат – наш пацыент. Ён чуў голас, з якім размаўляў аб тым, што такое добра і што такое дрэнна. Мноства сусветна вядомых пісьменнікаў пакутавала на розныя паталогіі. Таму, на маю думку, і варта ратаваць усіх нованароджаных – хтосьці з іх, магчыма, стане геніем. Развітае грамадства павінна выходжваць слабых і хворых дзяцей.

– Кажуць, “ад астрогу няма перасцярогу”. Займець псіхічную хваробу можа любы чалавек?

– Любы, прычым у любы момант. Шмат якія псіхічныя расстройствы выражаюцца саматычна, гэта значыць цялесна. Бывае, што нашы пацыенты, нічога не падазраючы, ходзяць па тэрапеўтах, кардыёлагах і іншых дактарах некалькі месяцаў, нават гадоў. І нічога ў іх не знаходзяць. Тады нарэшце іх накіроўваюць да нас. Часам самі звяртаюцца, адчуваючы, што хваробаў неяк зашмат для аднаго чалавека. Пацыенты з саматычнымі расстройствамі складаюць 40% нашых наведнікаў. Іх дыягназы – дэпрэсія, астэнанеўратычны сіндром.

Не рэдкія псіхічныя расстройствы ў творчых людзей. І гэта не значыць, што іх творчасць дрэнная. Наадварот, ім хвароба дапамагае ствараць цікавыя рэчы. Думаю, Пушкін быў даволі праблемным у асабістым жыцці, але якая нам да гэтага справа.

– Лячыць псіхічных хворых, штодня кантактаваць з імі цяжка?

– Так, гэта цяжкая праца. Варта адзначыць, што псіхічныя неўрозы ў псіхіятраў прызнаныя прафесійным захворваннем.

– Мае знаёмыя расказваюць, што часта і дома не могуць адключыцца ад праблем на рабоце, працягваюць весці пачатыя там спрэчкі. Адным словам, у галаве “радыё гаворыць”. Як можна адключыць гэтае “радыё”?

– Для пачатку трэба спытаць у сябе: хто гаспадар Вашых мазгоў. Калі Вы, то кіруйце сваімі думкамі. Можна сесці на задняе сядзенне аўтобуса, не ведаючы далейшага маршруту, і са здзіўленнем адзначаць: “Во – павярнулі ўлева, ага – шэры дом”. А можна заняць месца кіроўцы і самому вызначаць, куды ехаць. Так і з думкамі: вы павінны імі кіраваць, а не яны вамі.

Святлана ЦІШКО.