Як нагадаў вядучы імпрэзы Сяргей Гапон, на працягу сямі стагоддзяў існавання мястэчка праз Крэва пралягалі шляхі выдатных творчых асоб. Так, Крэва малявалі Фердынанд Рушчыц, Язэп Драздовіч, Напалеон Орда, Баляслаў Тамашэвіч, Міхал Эльвір Андрыёлі. Сюды завітвалі фотамастакі Ян Булгак і Ян Балзункевіч.

Нашы сучаснікі таксама прыехалі працягваць завядзёнку сваіх папярэднікаў. Мэтай двухдзённага пленэру стала Крэва і яго жыхары. Архітэктура, пейзаж, рэпартаж, культура і традыцыі – у гэтых жанрах працавалі фатографы два дні. Усё гэта для таго, каб зрабіць мястэчка цікавым для турыстаў.

Юлія Капыш з музычным падарункам для гасцей.

Падарункі ад кампаніі “Будзьма!”.

Інжынер сэрвіс-цэнтра Canon Андрэй прыехаў у Крэва разам з сям’ёй.

Сяргей Плыткевіч: “Мы зробім Крэва незвычайным”.

Анатоль Кляшчук на “раскопках” “Юравай гары”.

На выступ “Батлейкі” фатографы глядзяць больш праз аб’ектыў.

Дзеля добрай панарамы вышыня не перашкода.

Мясцовыя гледачы.

Таямніцы закулісся.

Пад Юравай гарой.

“Крэва – унікальнае месца ў Беларусі, вядомае не толькі нашым суайчыннікам. Падзеі, якія тут адбываліся, мелі адбітак і на беларускім, і на літоўскім, і на польскім народзе. Тут мы былі неаднаразова, але такога кшталту мерапрыемства праводзім упершыню, – распавёў Сяргей Плыткевіч, старшыня творчага саюза “Фотамастацтва”, галоўны рэдактар газеты “Туризм и отдых”, дырэктар выдавецтва “Рыфтур”, аўтар некалькіх фотаальбомаў, прысвечаных Беларусі. – Цягам двух дзён мы паспрабуем паказаць крэўскія скарбы ў лепшым, незвычайным выглядзе, бо менавіта незвычайнасць і прываблівае турыста. Па выніках фотапленэру зробім фотавыставу і, магчыма, выдадзім турыстычныя даведнікі, кнігі”.

У паспяховасці і якасці мерапрыемства няма сумневаў: варта толькі згадаць удзельнікаў пленэру. Сярод іх, напрыклад, Віталь Раковіч – фатограф і член творчай групы “ФотаАртСтудыя ў Бірылкі…”, Анатоль Кляшчук – фотакарэспандэнт газеты “Звязда”, аўтар некалькіх фотаальбомаў, сярод якіх  “Пад небам Беларусі”, “Чарнобыль”, “Белавежскае дзіва”. Той факт, што 600 старонак апошняга важаць ажно 6 кілаграмаў, стаў адпраўной кропкай для наступных біяграфічных жартаў. Дарэчы, на апошнім Дні пісьменства, што праходзіў у Смаргоні, Анатоль стаў уладальнікам звання “Лепшы фотамастак 2008 года”.

Прыехала на фотапленэр і Наталля Плыткевіч, галоўны рэдактар выдавецтва “Рыфтур”, адзінага ў Беларусі, якое спецыялізуецца на выпуску турыстычных даведнікаў, фотаальбомаў і іншай друкаванай прадукцыі, звязанай з краязнаўствам. У “рыфтураўскіх” даведніках “Заслаўе, Крэва, Гальшаны”, “Ад Мінска да Вільнюса” крэўская зямля абавязкова пралягае на турыстычным шляху вандроўніка.

Інжынер сэрвіс-цэнтра Canon Андрэй Дубіцкі прыехаў у Крэва разам з сям’ёй – з жонкай, сынам і сабакам.

Не мінуў крэўскую зямлю і Віктар Суглоб, вядомы як фатограф, прадпрымальнік і стваральнік адзінага ў Беларусі музея фотаапаратаў, які мае найбольш поўную па складзе ў СНД калекцыю. Акрамя таго, Віктар Пятровіч – сааўтар унікальнай кнігі “1200 фотоаппаратов из СССР”, прэзентацыя якой адбылася напярэдадні.

Кожны наведнік кавярні меў магчымасць пакаштаваць фірмовую крэўскую страву, якая сталася сімвалам “Юравай гары” і атрымала аднайменную назву. У палітых шакаладам яблыках насамрэч, як і ў старым паданні пра Юрку, якому прысніліся скарбы, закапаныя ў гары, аказалася золата ў выглядзе гарбуза.

Пасля знаёмстваў і дэгустацыі гасцей чакаў тэатр “Батлейка”. Выступленне лялечных акцёраў было наладжанае на падыходзе да Юравай гары, дзе Уладзімір Някляеў некалі выказаў жаданне быць пахаваным ды адразу даў адвод: цягнуць, маўляў, завысока – не хочацца напружваць людзей. Але вышыня гары не перашкаджала фатографам рабіць па некалькі рэйдаў уверх, каб знайсці лепшы ракурс для крэўскай панарамы.

Святлана СТАНКЕВІЧ.

Фота Андрэя РОГАЧА.