Падключаць да ацяплення кватэры маладзечанцаў электрасеткі плануюць заўтра, віляйчан – у пятніцу.

“Гэта папярэднія дадзеныя, – адзначыў 7 кастрычніка ў інтэрв’ю “РГ” намеснік дырэктара маладзечанскіх электрасетак па цеплаэнэргіі Леанід Кузняцоў. – Магчыма, нешта яшчэ зменіцца, магчыма, на адзін дзень затрымаемся, але пакуль што рыхтуемся на 8 кастрычніка”.

Ён адзначыў таксама, што ў чацвер сапраўды хутчэй за ўсё трошкі пацяплее, але затым чакаецца моцнае пахаладанне: “У нас ёсць прагноз, што ў выхадныя рэзка пахаладае, у пятніцу ўначы ўвогуле абяцаюць мінусавую тэмпературу”.

Падключыць усю Вілейку плануюць за два дні, Маладзечна – за 2-3 дні.

Ад аўторка, 6 кастрычніка, да ацяплення былі падключаныя маладзечанскія, вілейскія і мядзельскія дашкольныя, школьныя, медыцынскія і сацыяльныя ўстановы. У Валожыне ў гэты дзень падключылі школу-сад №2 і дзіцячы сад №6. Намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Пётр Бібік 7 кастрычніка сказаў у інтэрв’ю “РГ”, што на працягу двух дзён павінны падключыць бальніцу, СШ №1 і іншыя аб’екты, якія залежаць ад цэнтральнай кацельні.

Па жыллёвым фондзе Валожына, Мядзела, Смаргоні, Ашмянаў пытанне пакуль не вырашана. У кватэры астраўчан ацяпленне дадуць хутчэй за ўсё толькі ў панядзелак, 12 кастрычніка.

Святлана ЦІШКО, Святлана СТАНКЕВІЧ.