Добры дзень, шаноўныя інтэрнаўты – любімая мая краіна!

У мінулы раз, калі я павітаўся са сваёй краінай, інтэрнаўтка Jalinka закінула мне нясціпласць, маўляў, хто ты такі, каб з краінай вітацца? 🙂

Але ж мы адзін аднаго разумеем? Наша краіна, гэта краіна rh.by.

Перазагрузіліся

У нашай краіне на мінулым тыдні наступіла перазагрузка. Маленечкая, не катастрафічная.

Дасюль у рубрыцы “Самае чытанае” ў нас прадстаўляліся самыя чытаныя матэрыялы за ўвесь перыяд існавання сайту – ад лета. І, што не цяжка зразумець, аднойчы вырваўшыся ў лідэры, група матэрыялаў не саступала месца іншым, збіраючы вашы клікі ў спецыяльным акенцы на галоўнай і іншай старонках. Цяпер жа, калі я ляпаю па клаве, месца заслужаных, але даўніх лідэраў (“Ля Раёўкі на Рыбчанцы патануў рыбак”, “Маршрутка да Вілейкі не даехала”, “Шукаем сведкаў забойства”, “Новыя тарыфы для пасажыраў чыгункі”, “Навучэнка скрала банкаўскую картку”) месца занялі іншыя. Рэйтынг замяраецца за тыднёвы прамежак.

Перамены і ў АПОШНІХ КАМЕНТАРАХ. Зараз вы можаце БАЧЫЦЬ сапраўды АПОШНІЯ каментары. У гэтым акенцы паказаліся публікацыі “Мова нашых продкаў стала замежнай”, “SMS-эксперт (40 нумар)”, “Дранікі першымі з’елі “Чарпачкі”, “Street Rhymes”. Восень. Адкрыўся сезон рэп-вечарын”, “У Валожынскім Вішневе адноўленая крыніца”.

Дранікі і паэзія

Для мяне гэта было спачатку дзіўным, што публікацыя пра дранік-шоу сабрала шмат каментараў. Пасля – зразумелым. Народ нашай краіны (тут краіны ў першасным сэнсе) не можа жыць без прыколу. Мы не толькі першыя ў колькасці геаграфічных цэнтраў Еўропы (у Беларусі, іх, аказваецца, некалькі), у адрозненне ад суседніх Украіны, Польшчы і Літвы, дзе іх усяго па адным. Мы першыя і ў паяданні дранікаў. Ва ўсякім разе, навучэнцы Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

І вось гэта шоу пацягнула некаторых нашых чытачоў нават на паэзію. Зоя Справядлівая напісала:

Мне дранік сэрца развярэдзіў,
Душу маю перавярнуў.
Ды толькі нехта апярэдзіў.
І дранік мой ён праглынуў:)

І гэтым выклікала гнеў Каці Клоп (чытайце дыскусію на сайце).

Наш глобус

Глобус нашай краіны rh.by пашыраецца. Нас чытаюць у 21-й краіне свету. Штодня дастаткова грунтоўна праглядае нашы старонкі наш сябрук з Іркуцка (адгукніцеся!). У Гомлі наш прыяцель (рады будзем пагаварыць) гартае віртуальную “РГ” па некалькі гадзін. Ну, і, канешне ж, які сайт без чытачоў з Бабруйска?

Рэйтынг лідэраў краін-чытачоў rh.by:

Беларусь,
Германія,
Расія,
Украіна,
Польшча,
Бразілія,
Злучаныя Штаты,
Швецыя,
Нідэрланды…

Што будзе праз тыдзень? Пабачым.

Ну, на гэтым, да сустрэч!

Ваш Алесь Манцэвіч.