Жыхар Бубнаў Даўгінаўскага сельсавета, 20-гадовы А., праходзячы службу ў часці №3310 унутраных войскаў у Мінскім раёне, 5 кастрычніка самавольна пакінуў часць.

Пасля гэтага ў вёсцы Раўбічы, пагражаючы вадзіцелю аўтамабіля “Форд” расправай, спрабаваў забраць у яго машыну.

Начальнік прэс-службы ўнутраных войск Сяргей Кабаковіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”: “Пятага кастрычніка, знаходзячыся ў сутачным нарадзе, з часці №3310, што дыслакуецца ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна, пайшоў вайсковец. З сабой ён прыхапіў штык-нож.

Затым ўцякач спрабаваў завалодаць транспартным сродкам цывільнай асобы, але не здолеў і з месца здарэння знік. На наступны дзень, 6 кастрычніка, салдата ў Мінску затрымалі вайскоўцы ўнутраных войск сумесна з супрацоўнікамі міліцыі. Цяпер ён знаходзіцца пад следствам”.

Паводле інфармацыі прэс-цэнтра абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, крымінальная справа па нападзенні на вадзіцеля “Форда” ўзбуджаная па артыкуле “Разбой”. 8 кастрычніка справа ўжо знаходзілася ў ваеннай пракуратуры.

У Даўгінаўскім сельсавеце расказалі нашаму выданню, што сям’я хлопца добрая, іх дом узорнага парадку. Служыць А. пайшоў гэтым летам пасля заканчэння Ільянскага тэхнікума. Па папярэдніх дадзеных, на праблемы ў службе бацькам А. не скардзіўся.

Сяргей ЗЯНЬКО.