“Сёння заб’ём, колькі захочам”. Такое меркаванне чыталася ў дзеяннях маладзечанскіх футбалістаў ад самага пачатку гульні супраць віцябчан на нашым стадыёне ў нядзелю, 4 кастрычніка. Госці вярнулі гаспадароў да розуму на 23 хвіліне, калі павялі 1:0.

Маладзечанскі паўабаронца Ігар Нарожнік (злева) ўмее завісаць у скачку падчас гульні на другім паверсе. Гэта дазваляе Ігару выйграваць у сапернікаў паветраныя дуэлі. У матчы з віцебскім “Мясакамбінатам” Нарожнік вызначыўся двойчы. Забіваў, праўда, не галавой.

Матч пачаўся атакамі маладзечанцаў. Толькі вось былі яны нейкімі пагардлівымі, ці што. Складвалася ўражанне, быццам бы нашы вырашылі: няма чаго напружвацца, рана ці позна ўсё адно заб’ём, колькі захочам. Такі падыход да справы не прымусіў доўга чакаць выніку.

Мы прапусцілі на 23 хвіліне. Падчас контратакі віцебскі паўабаронца атрымаў мяч у цэнтры нашай штрафной і дакладна прабіў у левы ад Косці Сашчанкі вугал варот – 0:1. Да канца першага тайма нашы так і не адыграліся, хаця моманты для гэтага былі. Але шапказакідальніцкі настрой, відаць, сказваўся. Добра яшчэ, што больш не прапусцілі, бо таксама маглі.

“Гэта быў тыповы выпадак недаацэнкі саперніка асабліва ў дзеяннях маладых футбалістаў, – сказаў пасля гульні ў інтэрв’ю “РГ” трэнер “Маладзечна” Віталь Казяк. – Віцябчане прыехалі ўсяго за паўгадзіны да гульні з вельмі кароткай лаўкай запасных, і, напэўна, нашым хлопцам здалося, што яны абыграюць праціўніка на адной назе”.

Сур’ёзная размова, па словах Віталя Казяка, адбылася ў перапынку ў раздзявальні. Галоўны трэнер Аляксандр Гармаза ў даволі жорсткай форме выказаў прыкладна наступнае: “Балельшчыкі ўжо прывыклі глядзець на гульню моцнай каманды. І сёння яны прыйшлі на стадыён менавіта з такой мэтай. Цяпер атрымліваецца, што мы самі стварылі сабе імя, а сёння вырашылі гэта імя перакрэсліць”.

Размова доўжылася ўсяго пару хвілін, а пасля трэнеры выйшлі з раздзявальні. Педагагічны момант. Вопытныя гульцы, капітан Сяргей Дараховіч і Дзмітры Вышынскі, павінны былі самі патлумачыць моладзі ўсю сур’ёзнасць сітуацыі. Падобна, што ў іх гэта атрымалася, бо ў другім тайме балельшчыкі ўбачылі на полі іншую каманду.

Дапамаглі таксама праведзеныя замены. Пасля доўгага перапынку, праведзенага з-за траўмы, на поле выйшаў вопытны Дзмітры Касцюк. Было бачна, што за час вымушанай паўзы Дзіма паспеў засумаваць па футболе. У яго ўсё атрымлівалася, і ў цэнтры нарэшце ўсталяваўся парадак.

А на правым флангу паўабароны прывычна для сябе напружваў праціўніка Віталь Макрыцкі. На 54 хвіліне адбылася класічная для маладзечанцаў камбінацыя. Макрыцкі справа верхам у штрафную – на  Космача. Сяргей галавой – у сетку варот – 1:1.

Праз 11 хвілін ударам з-за межаў штрафной наперад сваю каманду вывеў Ігар Нарожнік. Ён жа на 73 хвіліне, атрымаўшы скідку назад ад Космача, зноў далёкім ударам аформіў свой дубль у гэтым матчы – 3:1. Кропку ў гульні на 87 хвіліне паставілі тыя ж, хто пачынаў весці каманду да перамогі. Макрыцкі – перадачу верхам, Космач – гол галавой. 4:1.

“Будзем спадзявацца, што гульня з “Мясакамбінатам” стане добрым урокам перад наступным матчам з мастоўскім “Нёманам”, – кажа Віталь Казяк. – Трэба нарэшце зразумець: да кожнага саперніка трэба ставіцца сур’ёзна і з павагай”.

Мы атрымалі сёмую перамогу запар, але тры ачкі таксама трэба забіраць і ў Мастоў. Увага! Гульня пройдзе не ў нядзелю, як звычайна, а ў суботу, 10 кастрычніка. Пачатак – у 15 гадзін. Цікавае супрацьстаянне ў бліжэйшым туры адбудзецца ў Гарадзеі, дзе гаспадары прымуць “Вертыкаль” з Калінкавічаў. “Слуцкцукар” з’ездзіць у Жлобін, “Асіповічы” прымуць “Клечаск”, “Зорка-БДУ” згуляе ў Віцебску.

“Рудзенск” ужо аформіў сабе пуцёўку ў першую лігу, а шансы іншых камандаў на заняцце прызавых месцаў за тры туры да канца чэмпіянату няхай самі ацэняць чытачы-балельшчыкі.

Турнірная табліца*:

1. Рудзенск             56

2. Гарадзея             46

3. Маладзечна        41

4. Вертыкаль          41

5. Слуцкцукар        36

6. Асіповічы            33

7. Зорка-БДУ          32

8. Нёман                  30

9. Клечаск               28

10. Жлобін               24

11. Бяроза               22

12. Лівадзія             22

13. Мясакамбінат   18

14. Орша                 14

*”Слуцкцукар” і “Мясакамбінат” правялі на адну гульню менш.

 Сяргей ЗЯНЬКО. 

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.