Мінская міжгарнізонная ваенная пракуратура вядзе следства па справе 20-гадовага А., жыхара вёскі Бубны, які 5 кастрычніка ўцёк з вайсковай часці №3310 унутраных войскаў, што пад Мінскам.

Хлопец падазраецца ў тым, што пасля ўцёкаў, спрабуючы ўкрасці іншамарку, траўмаваў яе гаспадара. Наша выданне звязалася з выканальнікам абавязкаў пракурора Мінскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры Аляксандрам Васілюком.

У інтэрв’ю “РГ” ён пацвердзіў: справа ўзбуджаная па другой частцы 207 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Разбой, здзейснены з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры”. За гэта па прыгаворы суда можна атрымаць ад шасці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

“Затрыманы цяпер заключаны пад варту. У ходзе папярэдняга расследавання яго дзеянням будзе дадзеная прававая ацэнка. Пакуль казаць нешта канкрэтнае рана”, – сказаў Аляксандр Васілюк.

Паводле слоў выканальніка абавязкаў пракурора, сёння рана гаварыць таксама пра тое, па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса будуць судзіць А. І, тым больш, да якой меры і рэжыму адбывання пакарання прыгаворыць яго суд.

На пытанне: ці будзе праводзіцца праверка ў вайсковай часці №3310 унутраных войск, з якой уцёк А., і праверка прычын такога ўчынку, Аляксандр Васілюк адказаў наступнае: “Мы ў ходзе следства, у адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, абавязаныя выявіць прычыны і ўмовы, якія спрыялі здзяйсненню злачынства. Калі будуць падставы для праверкі вайсковай часці, пракуратура ўнясе адпаведнае Прадстаўленне яе камандаванню”. 

Як паведамлялася раней, 20-гадовы жыхар вёскі Бубны Вілейскага раёна А. быў прызваны на ваенную службу летам гэтага года. 5 кастрычніка, знаходзячыся ў сутачным нарадзе ў вайсковай часці ўнутраных войск, што дыслакуецца ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна, А. самавольна пакінуў часць, прыхапіўшы з сабой штык-нож.

Па інфармацыі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, уцякач у вёсцы Раўбічы, пагражаючы гаспадару аўтамабіля “Форд” расправай, спрабаваў забраць у яго машыну. Гэтага не атрымалася, нападальнік траўмаваў вадзіцеля і знік з месца здарэння.

Жыхара Бубнаў затрымалі ў Мінску 6 кастрычніка.

Сяргей ЗЯНЬКО.