Ад часу, калі быў зроблены гэты фотаздымак, нас аддзяляюць 77 гадоў. На жаль, ніхто так і не змог назваць прозвішча хаця б аднаго вучня тагачаснай Лебедзеўскай школы. Дзякуючы  штампу засталося  прозвішча фатографа – Бейненсон.

“Гэта фота прынеслі ў музей нашай Лебедзеўскай школы вяскоўцы, – расказвае настаўнік Антон Апанасевіч, – а знайшлі яго ў старым, паўразбураным доме, гаспадары якога даўно памерлі. Вось і атрымалася, што здымак ёсць, а расказаць яго гісторыю няма каму”.

Па словах Антона Апанасевіча, школы ў 1932 годзе ў іх вёсцы яшчэ не было. Пад яе будынак выкарыстоўвалі памяшканне сельскага клуба, а паколькі ўсе дзеці там не ўмяшчаліся, то навучанне вялося яшчэ і ў хатах, якія арандавалі ў мясцовых жыхароў.

Чамусьці мне здаецца, што гэта фота зробленае ля будынка клуба. На ім – 55 вучняў і чатыры настаўнікі. Цяжка сказаць, гэта ўсе дзеці, што вучыліся ў школе, ці не. Магчыма, хтосьці не прыйшоў у той дзень на заняткі, а, можа, проста не захацеў трапіць у аб’ектыў.

Цікава, колькі каштавала тады фота і ці па кішэні яно было сялянскім сем’ям, у якіх быў розны дастатак. Бачна гэта і па здымку. Прыгледзьцеся, хлопчыкі, што ў першым радзе справа, – босыя. Невядома, ці ёсць на нагах чаравікі і ў тых, што стаяць у верхнім радзе.

Апранутыя школьнікі таксама па-рознаму. Адны вучні ў касцюмах, другія – проста ў кашулях. На дзяўчатах як светлыя, так і цёмныя сукенкі, кофтачкі, спадніцы. Асобныя з іх трымаюць у руках букеты. Адразу мне падалося, што гэта галінкі бэзу. Пасля прыгледзелася і зразумела, што ёсць сярод кветак і палявыя. Белыя, хутчэй за ўсё рамонкі.

Твары амаль што ва ўсіх дзяцей сур’ёзныя, засяроджаныя. Дзяўчынкі сядзяць, паклаўшы рукі на калені, хлопцы выцягнулі іх па швах. Злёгку ўсміхаецца толькі адна настаўніца ды мужчына, можа, гэта дырэктар школы, што справа ад яе.

Гэтыя дзеці яшчэ, мабыць, не ведаюць, што праз тры гады, а менавіта ў 1935 годзе, у іх вёсцы пачнуць будаваць новую школу. Рашэнне прымуць на ўсеагульным сходзе. А прапанову ўнясе настаўнік Стэфан Батоўскі. Народ яго падтрымае, сяляне дадуць слова, што будуць, чым змогуць, спрыяць будаўніцтву.
Нейкую частку работ прафінансуе дзяржава, што могуць, тое зробяць сваімі рукамі.

Па словах настаўніка гісторыі Лебедзеўскай школы Антона Апанасевіча, сяляне, якія мелі коней, абавязаныя былі тыдзень адпрацаваць на будаўніцтве школы, лес для якой нарыхтоўвалі ў Налібоцкай пушчы і перапраўлялі ў Пруды.
За два гады агульнымі сіламі школу пабудавалі. Насіла яна імя Пілсудскага, а першым дырэктарам стаў Стэфан Батоўскі.

Марына СЛІЖ.