На мінулым тыдні ў горадзе адбыліся тры дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх пацярпелі людзі. Зводку здарэнняў прадставіў для “РГ” інспектар маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч.

БМВ збіла Яву.

 Не прапусціў матацыкліста У чацвер, 8 кастрычніка, на вуліцы Гарадоцкай каля паловы шостай вечара 25-гадовы вадзіцель аўтамабіля БМВ-316 збіў 21-гадовага матацыкліста. Па папярэдняй інфармацыі, легкавушка ехала ў бок Старога Места. Насупраць дома №102-а кіроўца стаў разварочвацца. Ён не прапусціў вадзіцеля матацыкла “Ява-350”, які рухаўся ў спадарожным накірунку, і збіў яго. У здарэнні пацярпелы зламаў правую нагу, з траўмай ён быў дастаўлены ў бальніцу.

Збіў на пешаходным пераходзе

У 12 гадзін 15 хвілін у нядзелю, 11 кастрычніка, вадзіцель аўтамабіля ВАЗ-2103 на Чыгуначнай вуліцы каля дома №1 на пешаходным пераходзе збіў дзвюх жанчын, якія пераходзілі дарогу злева направа па ходзе руху “Жыгулёў”. Адна пацярпелая атрымала нязначныя пашкоджанні, у другой, 41-гадовай жанчыны, – закрытая чэрапна-мазгавая траўма, страсенне мазгоў і ўдар грудной клеткі. Паводле папярэдняй інфармацыі, вадзіцель “Жыгулёў” быў нецвярозы.

Пешаход быў без флікера

На вуліцы Лібава-Роменскай каля дома №95 11 кастрычніка ў 21 гадзіну 40 хвілін машына “Фіят-Тыпа” збіла 53-гадовага пешахода. Здарэнне адбылося, калі “Фіят” раз’язджаўся з сустрэчным аўтамабілем. Пешаход не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. У пацярпелага – пералом паяснічнага пазванка. Па ўсіх выпадках міліцыя праводзіць праверку.

Дзіця – галоўны пасажыр

Дзмітры Стасюлевіч паведаміў таксама, што дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці ад 6 да 18 кастрычніка праводзіць спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. У дзень выхаду гэтага нумара “РГ”, у пятніцу, 16 кастрычніка, праходзіць акцыя “Дзіця – галоўны пасажыр”. За дзевяць месяцаў 2009 года на тэрыторыі Мінскай вобласці адбылося 100 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 6 дзяцей загінулі і 106 атрымалі траўмы. Толькі на дарогах Маладзечна і раёна зафіксавана 13 дарожных здарэнняў, у якіх пацярпелі 14 дзяцей.

Сяргей ЗЯНЬКО.