Пешы паход на найвышэйшы пункт нашага рэгіёну – гару Мілідаўскую – здзейснілі 10-11 кастрычніка сябры турклуба “Пралеска-тур” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”.

Гара Мілідаўская (320 метраў) – найвышэйшая на Ашмянскім ўзвышшы – знаходзіцца на тэрыторыі Смаргонскага раёна, ля вёскі Мілідаўшчына.

Начавалі турысты ў лесе, у палатках. “Мы рыхтуемся падчас восеньскіх канікулаў здзейсніць паход першай катэгорыі складанасці – 130 кіламетраў за шэсць дзён. Думаю, напрыканцы кастрычніка надвор’е будзе яшчэ больш суровае. Зрэшты ў ноч з 10 на 11 нам холадна не было. А падчас катэгарыйнага паходу плануем начаваць у памяшканнях”, – патлумачыў у інтэрв’ю “РГ” адзін з кіраўнікоў падарожжа Валеры Трацяк.

Гэта быў новы маршрут для сяброў клуба “Пралеска-тур”. У першы дзень наладзілі невялікую экскурсію па маёнтку Агінскага ў Залессі, затым узышлі на Мілідаўскую гару, дзе знайшлі стары геадэзічны знак, які сведчыць аб тым, што гара з’яўляецца адным з пунктаў дугі Струвэ.

На найвышэйшым пункце нашага рэгіёну – гары Мілідаўскай. Валеры Трацяк, Аляксандр Ражкоў, Антон Русакевіч, Ларыса Палачанская, Аляксандра Квяско.

На другі дзень прайшлі праз старажытны Лоск і падняліся на гарадзішча. Завяршылі паход на станцыі Валожын.

Святлана ЦІШКО.

Фота Віталя МЛЕЧКІ.