Зводка крымінальных здарэнняў за мінулы тыдзень (5-11 кастрычніка).

 Памёр ад гарэлкі 

На аўтобусным прыпынку каля вёскі Кучкі Маркаўскага сельсавета раніцай у суботу, 10 кастрычніка, было знойдзенае цела маладога чалавека. На месца здарэння выязджаў старшы следчы Маладзечанскага раёна Вадзім Шукрынаў. Паводле заключэння дзяржаўнага медыцынскага судовага эксперта Аляксея Гіля, смерць 23-гадовага мужчыны наступіла ад вострага атручэння этылавым алкаголем.

Спецыялісты” па “Жыгулях”

Двух маладзечанцаў 1991 і 1993 гадоў нараджэння міліцыя змясціла ў ізалятар часовага ўтрымання па падазрэнні ў здзяйсненні шэрагу крадзяжоў магнітол з легкавых аўтамабіляў. Начальнік дзяжурнай часці райаддзела міліцыі Ігар Шупенька паведаміў у інтэрв’ю нашаму выданню: узялі хлопцаў на спробе ўгону аўтамабіля “Жыгулі” шостай мадэлі на вуліцы Багдана Хмяльніцкага каля дома №22б ноччу 6 кастрычніка. Зладзеі ў 0.40. зламалі замок вадзіцельскіх дзвярэй і залезлі ў машыну.

Злучыўшы правады замка запальвання, маладыя людзі хацелі завесці “Жыгулі”, але не паспелі гэтага зрабіць, бо перашкодзіў 33-гадовы гаспадар аўтамабіля. Ён пазваніў у міліцыю, і хлопцаў затрымалі. Па словах Ігара Шупенькі, міліцыя падазрае, што гэта ў іх не першая спроба ўгону. Магчыма, у віну ім таксама паставяць крадзяжы двух скутэраў і некалькіх магнітол з машын савецкай вытворчасці ў раёне вуліц Міру, Будаўнікоў і Францішка Скарыны. Пакуль жа крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле “Угон транспартнага сродку, здзейснены групай асоб”. Злачынства караецца пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Махляр прысвоіў “Мэрсэдэс” 

Пасля праведзенай праверкі маладзечанская міліцыя 7 кастрычніка ўзбудзіла крымінальную справу супраць 41-гадовага віляйчаніна па артыкуле “Махлярства”. Паводле папярэдняй інфармацыі, у канцы студзеня віляйчанін каля дома №9 на вуліцы Ясінскага прапанаваў 36-гадовай маладзечанцы адрамантаваць яе машыну “Мэрсэдэс-Бэнц Е250”. Зламыснік забраў яе і аддаваць не збіраўся. Пацярпелай была нанесеная шкода на суму 40 мільёнаў рублёў. Цяпер махляру, які здзейсніў злачынства ў асабліва буйным памеры, пагражае ад трох да дзесяці гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці”.

Сяргей ЗЯНЬКО.