Мы ў бяскрайняй прасторы. І нам не самотна

Колькі карыстаюся інтэрнэтам, не магу прызвычаіцца да звароту ў электронных лістах кшталту: “Добрага часу сутак!” Скажы нармальна: “Добры дзень!” Калі і сярод ночы такое чытаць буду, не пакрыўджуся. Праўда, ноччу дактары рэкамендуюць усё ж спаць:).

Добры дзень, сябры!

Публікацыя на нашым сайце матэрыялу Гжэгажа Грабоўскага “Беларусь – страчаны рай і шанец” сталася заўважаная ў інтэрнэт-прасторы ад Аўстраліі да Злучаных Штатаў. Так гаворыць статыстыка. А блогер з Ваўкавыска Уладзіслаў напісаў на сваіх старонках: “Сёння на прасторах бяскрайняга Інтэрнэту набрыў на сайт “Рэгіянальнай газеты”. Гэты рэсурс здаўся мне вельмі цікавым у плане інфармацыйнасці, навінаў і цікавых артыкулаў. Адзін з артыкулаў напісаны польскім журналістам пра Беларусь. Рэкамендую пачытаць, што думаюць пра нас нашы заходнія суседзі”.

У каментары ж да публікацыі на нашым сайце ён падкрэсліў: “У прынцыпе ў многім згодны з аўтарам. Шкада, што не ўсе жыхары Беларусі ставяцца да сваёй Радзімы адпаведна. Вельмі спадабалася ваша газета, дзякуй за карысную працу”.

ЖЖ-юзэр Salasz у каментарах блогера rebe-uman таксама спасылаецца на гэты артыкул на нашым сайце.

Вядомы ў Беларусі і за яе межамі сайт часопіса “Архэ” у раздзеле “Эсэістыка” поўнасцю перадрукоўвае матэрыял “Беларусь – страчаны рай і шанец”.

З іншых падзей на нашым сайце. Здаецца, завяршылася дыскусія каля тэмы дранікаў (публікацыя “Дранікі першымі з’елі “Чарпачкі”). Ніхто не перамог. Ні Лёнька Панцялееў, ні Ліса, ні Цікаўны, ні Каця Клоп ці Зоя Справядлівая. Баявая нічыя. Будзем спадзявацца, што Вілейскі прафесійна-тэхнічны каледж парадуе нас яшчэ не адным цікавым шоу.

Мне часта задаюць пытанне: а што лепш, чытаць газету, ці сайт?

Гэта пытанне не мае простага адказу. Сайт і газета, усё ж, адрозныя рэчы. На сайце больш аператыўнай інфармацыі, больш здымкаў, ёсць гук. Але газета ў кожным нумары публікуе таксама тыя матэрыялы, якія мы не змяшчаем на сайце. Плюс рэклама і аб’явы, праграма тэлебачання. Карацей, вы не прайграеце, калі будучы падпісчыкам ці пакупніком “РГ”, станеце наведваць сайт газеты. І – наадварот.

З павагай

Алесь Манцэвіч.