Завяршаецца рамонт спартыўнай залы СШ №8, пачаты ў сярэдзіне мінулага года.

Летась выпускнік СШ №8 даслаў у “РГ” пытанне: “Ці адрамантуюць калі спартыўную залу?” Дырэктар школы Аляксей Шарамет адказаў тады (№24 ад 13.06.2008), што рамонт запланаваны на 2009 год.

Рамонт сапраўды пачаўся ў сярэдзіне 2009-га. На сённяшні дзень ужо перакрыты дах, старыя вокны замянілі на пластыкавыя, пафарбавалі сцены, паклалі новую драўляную падлогу, раздзявальні аздобілі керамічнай пліткай. Па словах Аляксея Шарамета, засталося зрабіць сістэму вентыляцыі, замяніць некалькі дзвярэй і сёе-тое пафарбаваць. “Залежыць ад фінансавання, але, думаю, рамонт закончыцца калі не ў канцы гэтага года, то ў самым пачатку 2010”, – патлумачыў ён у інтэрв’ю “РГ”. Грошы на рамонт – 663 мільёны рублёў – выдзеліў Маладзечанскі райвыканкам.

Спартыўную залу СШ №8 зачынілі ў 2005 годзе з-за таго, што яна была ў аварыйным стане. Позняй восенню і ўзімку школьнікі, па словах Аляксея Шарамета, займаліся фізкультурай у малой спартыўнай зале, у гарадскім лёгкаатлетычным манежы, дапамагалі таксама СШ №11 і СШ №14.

Святлана ЦІШКО.