Святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню маці, прайшло ў актавай зале раённай паліклінікі 14 кастрычніка, у сераду.

На свяце ушаноўвалі маладых спецыялістаў.

Праводзіць канцэрт на 14 кастрычніка, як сказала загадчыца паліклінікі Лілія Лісоўская, стала традыцыяй. На Дзень маці віншуюць не толькі жанчын, але і ўшаноўваюць маладых спецыялістаў, якія толькі прыйшлі працаваць. Святочнае мерапрыемства пачалося а 12 гадзіне.

Народу сабралася поўная зала і ні адно месца не пуставала, а некаторым нават не хапіла і прыстаўных крэслаў, таму прыйшлося глядзець канцэрт стоячы. Пачалі праграму вядучыя не з віншавання матуляў, а з азначэння прафесіі доктара, таму што яна, па словах вядучых, самая старажытная. Павіншавала са святам сваіх работнікаў і загадчыца раённай паліклінікі Лілія Лісоўская.

А калектыў старэйшых медсясцёр выканаў песню пра тое, што прафесія доктара і “опасна и трудна”. Маладых спецыялістаў – чатырох дактароў (Алену Карпіцкую, Святлану Крывашэй, Алену Герасімовіч, Руслана Марчука) і сем медсясцёр (Іну Букатку, Марыну Садоўскую, Марыну Сакалову, Вольгу Кухцінскую, Кацярыну Шафранаву, Анастасію Сінкевіч і Алену Кавалёву) – узнагародзілі падарункамі і пажадалі ў працы “ні пуху ні пер’я”.

Ларыса Гарбуненка, доктар Чарнобыльскага рэгістра, адзначыла, што іх шлях будзе не з лёгкіх і ніколі ні перад чым не трэба спыняцца, а заўсёды ісці ўперад. Наступным крокам канцэртнай праграмы было віншаванне жанчын. Вучаніца 11 класа ліцэя №7 выканала для прысутных песні, а маладая супрацоўніца паліклінікі Ілона Шабан прачытала свой верш, які прысвяціла ўсім матулям. Асаблівую ўвагу ўдзялілі шматдзетным маці.

Падарункамі ўзнагародзілі Галіну Карпіцкую, Марыну Пяткевіч, Алену Каўбасюк, Святлану Батоўкіну, Іну Пашкевіч і Святлану Булычаву. Старшыня прафкама паліклінікі Алена Цар звярнулася да жанчын з цёплымі словамі віншавання. Як яна сказала, матуля – гэта самы дарагі і блізкі чалавек у жыцці кожнага і слова “Маці” заўсёды павінна быць толькі з вялікай літары.

Надзея СТАНКЕВІЧ.