“Беразінскае” аформіла сабе бронзавыя медалі сёлетняга чэмпіянату вобласці за тур да заканчэння розыгрышу. Чысцінская “Забудова-2007” і вілейская “Вілія” будуць вырашаць свае задачы на стужцы фінішу. Адны хочуць быць чэмпіёнамі, другія – захаваць месца ў першай лізе.

 Інтрыга ў гульні “Беразінскае” — “Аўтамабіліст” (Узда), якая праходзіла 10 кастрычніка на стадыёне ДЮСШ, узнікла знянацку. Пасля першага тайма гаспадары вялі з лікам 3:0, і, здавалася, нічога не прадвяшчае ім праблем… Першыя два мячы ўляцелі ў вароты ўздзенцаў ужо на другой і трэцяй хвілінах. Трэці – на 33 хвіліне. Нашы мелі перавагу, здавалася, гульня зробленая. Але ў другім тайме мы прапускаем два галы ў свае вароты, і інтрыга вяртаецца. Каб не чацверты гол гаспадароў, невядома, чым бы ўсё скончылася. А так, напрыканцы матча “Беразінскае” хоць і прапусціла яшчэ раз, гэта ўжо нічога не вырашала. Канчатковы лік – 4:3.

Беразінцы перад апошнім турам недасягальныя для “Клецка” і бронзавыя прызёры чэмпіянату. Чысцінская “Забудова-2007” узяла тры ачкі ў Старых Дарогах. Там гульня скончылася з лікам 3:1 на карысць нашых землякоў. Дзяржынская “Лівадзія-Юні”, якая ідзе другой і таксама прэтэндуе на чэмпіёнства, хоць і з мінімальным лікам 1:0, але адолела ў гасцях аўтсайдэра чэрвеньскі “Колас”.

Матчы апошняга тура з удзелам гэтых камандаў: “Забудова-2007” — “Клецк”, “Лівадзія-Юні” — “Старыя Дарогі”. “Вілія” нечакана буйна саступіла ў Смалявічах “Штотц-Агра-Сэрвісу” 1:5. І цяпер, каб не залежаць ад вынікаў іншых матчаў апошняга тура і застацца на наступны год у першай лізе, віляйчанам трэба 17 кастрычніка дома абыграць “Беразінскае”.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца:

1. Забудова-2007        55

2. Лівадзія-Юні            54

3. Беразінскае             49

4. Клецк                     44

5. Жодзіна-2007          41

6. Нёман                     39

7. Аўтамабіліст            36

8. Прысталічча            35

9. Рудзенск                33

10. Любань                 26

11. Штотц-Агра-Сэрвіс 25

12. Вілія                      23

13. Старыя Дарогі        22

14. Колас                    15

Капітану ўздзенскага “Аўтамабіліста” ў гэтым эпізодзе няслаба дасталося.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.