“Мы ведалі, што гульня будзе цяжкая і вязкая, — сказаў у інтэрв’ю “РГ” пасля матча трэнер нашай каманды Віталь Казяк. — Неаднойчы сустракаліся з “Нёманам” і ведаем, што ў гэтай камандзе ёсць нядрэнныя выканаўцы”.

У пачатку гульні напружанне ў нашых дзеяннях адчувалася. Мы пачалі матч з аглядкай на абарону. Па-першае, хацелася скончыць 10-матчавую дамашнюю серыю перамогай, па-другое, турнірнае становішча не дазваляе страчваць ачкі. Зрэшты, рэалізуй на пачатку матча Аляксандр Грыхуцік добры момант, які стварылі яму партнёры, усё магло пайсці па-іншаму.

Госці ж селі ў абарону і праводзілі хуткія контратакі. У адной з іх на 43 хвіліне яны здолелі забіць нам гол у раздзявальню — 0:1.
У перапынку трэнеры Аляксандр Гармаза і Віталь Казяк, у адрозненне ад гульні з віцебскім “Мясакамбінатам”, жорсткай размовы з футбалістамі не праводзілі. Было бачна, што хлопцы разумеюць: неабходна проста прыбавіць у руху, хутчэй пераходзіць ад абароны да атакі, і ўсё павінна быць добра.

Дапамаглі праведзеныя пасля перапынку замены. Аляксандра Грыхуціка традыцыйна замяніў Сяргей Корсак, а на 59 хвіліне замест Дзмітрыя Касцюка выйшаў Яўген Курловіч, які дадаў вастрыні ў цэнтры поля.
На 72 хвіліне пасля флангавай перадачы злева мяч адскочыў у цэнтр, потым трапіў да Дзмітрыя Вышынскага. Дзіма паспеў узняць галаву, ацаніць, дзе знаходзяцца абаронцы і варатар, а пасля мэтанакіравана, акуратна “шчакой” нагі адправіў мяч у сетку — 1:1.

Праз сем хвілін добрую камбінацыю ля чужых варот разыгралі Віталь Макрыцкі і Сяргей Дараховіч. У выніку Дараховіч узяў гульню на сябе, уздоўж вонкавай лініі ўвайшоў у штрафную пляцоўку, дзе яго збіў абаронца гасцей. Суддзя прызначыў 11-метровы.

Хто б сумняваўся, што пенальці будзе прабіваць наш штатны пенальціст Вышынскі? Але раптам мяч узяў Космач і паставіў яго на кропку. У той момант падумалася: усё зразумела, нашаму форварду, які ўзначальвае спіс бамбардзіраў чэмпіянату, партнёры даюць забіць, каб замацаваць сваё становішча.

Сяргей прабіў… І варатар парыраваў удар у скачку ў ніжнім левым ад сябе вугле варот. Добра, што галкіпер не ўзяў мяч “мёртва”, а адбіў прама перад сабой. Космач другім ударам дабіў яго ў вароты — 2:1. Пасля гульні Віталь Казяк падзяліўся сакрэтам: ніхто не прапаноўваў Сяргею біць пенальці. Космач сам узяў на сябе адказнасць.
І ледзь не памыліўся, але своечасова выправіў сваю памылку. Пераможцаў не судзяць, і цяпер з 16 забітымі галамі маладзечанскі нападаючы — першы ў спрэчцы бамбардзіраў чэмпіянату. На другім месцы Віскушэнка з “Клечаска”. На яго рахунку 14 мячоў.

“Можа, яна і нядрэнная, такая самаўпэўненасць Космача як нападаючага, — падсумоўвае Віталь Казяк, — але толькі не ва ўрон камандзе. І каб ён не забіў, канешне б, атрымаў за такую імправізацыю”.    
Наступны матч праводзім у нядзелю, 18 кастрычніка, у Мінску з “Зоркай-БДУ”, апошні тур — 25 кастрычніка дома з калінкавіцкай “Вертыкаллю”. Расклад гульняў нашых суседзяў па табліцы: 25 тур — “Слуцкцукар” — “Орша”, “Клечаск” — “Гарадзея”, “Вертыкаль” — “Мясакамбінат”. 26 тур — “Гарадзея” — “Рудзенск”, “Асіповічы” — “Слуцкцукар”.

Турнірная табліца:

1. Рудзенск         57
2. Гарадзея         49
3. Маладзечна  44
4. Слуцкцукар    42
5. Вертыкаль       41
6. Асіповічы         36
7. Зорка-БДУ       35
8. Нёман              30
9. Клечаск           28
10. Жлобін           24
11. Бяроза           23
12. Лівадзія          23
13. Мясакамбінат  18
14. Орша              15

Сяргей ЗЯНЬКО.

Мастоўскі варатар парыраваў удар Сяргея Космача з пенальці. І, каб паўторным ударам Космач не дабіў мяч у вароты, атрымаў бы ад партнёраў за свае імправізацыі.

Асцярожней, Космач! У натхнёным палёце над палянай не варта разбіваць сапернікам насы.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.