На перакрыжаванні Вялікага Гасцінца і вуліцы Гарадоцкай вечарам 12 кастрычніка аўтамабіль “Мэрсэдэс” збіў 25-гадовага пешахода, які на чырвонае святло перабягаў дарогу. У гэты ж вечар на вуліцы Кутузава знайшлі труп збітага машынай мужчыны, паведаміў у інтэрв’ю “РГ” інспектар маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі Дзмітры Стасюлевіч.

Згубіў туфлі

Здарэнне на Вялікім Гасцінцы адбылося каля 19 гадзін, які выязджаў на месца. Спяшаўся на аўтобус – трапіў пад “Мэрсэдэс” Два маладыя чалавекі вярталіся з работы дадому з боку шостага мікрараёна. У гэты час з Вялікага Гасцінца на Гарадоцкую павярнуў аўтобус “шасцёрка”. Убачыўшы аўтобус, мужчыны кінуліся даганяць яго. Перабягаючы Вялікі Гасцінец на чырвонае святло, адзін з мужчынаў трапіў пад колы “Мэрсэдэса”, які рухаўся ў бок Мінска. Вадзіцель іншамаркі націснуў на тормаз, але пазбегнуць наезду не здолеў.

Легкавушка ўдарыла пешахода сваёй левай часткай. Пацярпелы атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, ранкі і сінякі. Па словах Дзмітрыя Стасюлевіча, ад удару з ног ахвяры здарэння пазляталі туфлі. Адзін з іх знайшлі за 25 метраў ад наезду, другі не знайшлі ўвогуле. Кіроўца “Мэрсэдэса” не ўцёк з месца здарэння. Спыніўся, аказаў першую дапамогу, а пасля, чакаючы прыезду супрацоўнікаў ДАІ, сабраў сведкаў. Па папярэдняй інфармацыі, пацярпелы пешаход быў нецвярозы.

Ад  моцнага удару па пешаходу ў  “Мэрсэдэса” трэснула левая частка лабавога шкла.

Цела на праезнай частцы

У гэты ж дзень недалёка ад дома №35 на вуліцы Кутузава на праезнай частцы а палове дзевятай вечара знайшлі цела мужчыны, жыхара гэтай вуліцы. Знайшла загінуўшага яго жонка. Па ўсіх прыкметах, пацярпелага, якому было каля 50 гадоў, збіла машына, хутчэй за ўсё, мікрааўтобус, які паехаў з месца здарэння. Работнікаў дзяржаўтаінспекцыі паднялі па трывозе. Ад паловы дзесятай да трох гадзін ночы яны шукалі па горадзе аўтамабіль, які мог збіць пешахода, але не знайшлі.

Дзмітры Стасюлевіч адзначае: не выключаная версія, што здарэнне адбылося не ў тым месцы, дзе знайшлі труп. Мужчыну, ужо мёртвага, маглі прывезці і кінуць на Кутузава. Міліцыя звяртаецца да тых, хто мог стаць відавочцам здарэння. Калі вам што-небудзь вядома пра гэты выпадак, просьба пазваніць па тэлефоне ў Маладзечне 7-16-56 альбо па тэлефоне 102 у бліжэйшы аддзел міліцыі. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Дзмітрыя СТАСЮЛЕВІЧА.