Дачка з зяцем прыехалі вечарам у пятніцу. А ў суботу з самай раніцы пачалі парадкаваць Вольчыну няхітрую гаспадарку. Курэй пасеклі, казу аддалі суседцы, а маленькае пухнатае кацяня вырашылі забраць з сабой.

“Дачушка, а як жа яно ў машыне пяць гадзін вытрымае?” – спытала Волька ў дачкі. “Не хвалюйся, – махнула тая рукой, – мы ўзялі з сабой сумку”. “Не інакш як у авоську пасадзяць”, – пашкадавала кацяня бабуля. І як жа яна здзівілася, калі зяць вынес з машыны прыгожы клятчаты “будан”, у якім малы Цішка, як толькі рушылі ў дарогу, адразу ж расцягнуўся і заснуў.

 “Дачушка, – раптам апомнілася бабуля, – а куды ж ты курэй паклала?”. “Яны ў халадзільніку”, – адгукнулася тая. “А божа ж мой, – залямантавала жанчына, – я ж яго перад ад’ездам выключыла”. “Яны ў нашым халадзільніку”, – удакладніла дачка. Волька мо, гадзіну сядзела моўчкі і ўсё не магла ўцяміць, у якім гэта “нашым”. Не магла ж дачка з сабой халадзільнік прывезці. Ён вялікі, у багажнік не ўлезе, і зверху на машыне, дзе зяць бывае што-небудзь возіць, нічога не ляжала.

У горад прыехалі надвячоркам. “Мама, пойдзеце з намі ў магазін?” – спыталіся дзеці. Волька павольна высунулася з іншамаркі. Не так хацелася ў тую іхнюю краму, як крышку паветра глынуць. Ступіла некалькі крокаў, спынілася. У магазіне, куды заходзілі і выходзілі людзі, не было дзвярэй. Толькі нейкае шкло туды-сюды ездзіла. “Божачка, а раптам зацісне”, – падумала яна пра сябе і вырашыла не рызыкаваць…

Вечарам знайшліся куры. Яны ляжалі ў дарожным халадзільніку. Але “выплылі” іншыя праблемы. Бабуля ніяк не магла справіцца з кранам, якому адразу ж дала мянушку “гусак” і запаліць пры дапамозе электрычнай запальніцы пліту.
“Не мучся, – знайшлася дачка, – захочаш пагрэць сабе ежу, стаў талерку ў мікрахвалевую печ. Націснеш вось гэту кнопку, пасля гэту”. “Лепш я галодная буду”, – паслухаўшы, як гудзіць той агрэгат, сказала Волька. Накінуўшы на плечы куртку, зяць пайшоў у магазін купіць запалак. Сапраўды, навошта мучаць чалавека, калі праблему можна вырашыць так проста.

Вечарам яна доўга не магла заснуць. Як ні дзіўна, пра дом думала мала. Больш пра гарадское жыццё, да якога прыйдзецца прызвычайвацца.

Прачнулася рана, але з ложка не ўставала. Каб нікога не будзіць, нікому не перашкаджаць. “Шесть часов, пора вставать”, – раптам крыкнула на ўвесь пакой нейкая жанчына. Ад нечаканасці Волька ажно падскочыла і адчула, як шалёна закалацілася ў грудзях сэрца. “Не пужайся, гэта будзільнік”, – супакоіла яе дачка, што спала на суседнім ложку. Апрануўшыся, бабуля рушыла на кухню, дзе ўжо гатаваў сабе сняданне зяць. “Зараз чайнік закіпіць, хлеб падсмажыцца і будзем з вамі снедаць”, – сказаў ён цешчы і выскачыў на хвілінку ў прыхожую.

“Шчоўк”, – раздалося ў Волькі ля самага вуха і з белай скрыначкі выскачылі два кавалкі смажанага белага хлеба. Не паспела прывыкнуць да цуда, якое зяць назваў тостэрам, як на пліце засвістаў, бы вецер зімой у коміне, чайнік. “Не перажыву я гэтага ўсяго”, – смяялася і адначасова ледзь не плакала бабуля. А пабыўшы зіму ў дзяцей, сама захацела мець такія штукі. Пасля тыя гарадскія дзівосы жанчынам сваім дэманстравала. Маўляў, каб цёмнымі не былі…

Марына СЛІЖ.