Гарэлка прытупляе інстынкт самазахавання. Страціўшы кантроль над сабой, людзі не проста ходзяць па чыгуначных пуцях, як па сваёй кватэры, яны кладуцца паміж рэйкамі спаць.

Некалькі тыдняў таму ў такую гісторыю трапіў пенсіянер з Валожынскага раёна. “Мужчына 1938 года нараджэння, — расказвае начальнік аддзялення ўнутраных спраў на транспарце Аляксандр Зянюк, — ехаў на Лебядзіны рынак.

Цягніком ад станцыі Валожын дабраўся да Маладзечна. Пакуль чакаў электрычку, выпіў. Як аказаўся ў Селівонаўцы, чаму выбраў месцам адпачынку чыгуначныя пуці — не памятае”. На шчасце, цягнік толькі крыху зачапіў “падарожніка”. З цялеснымі пашкоджаннямі ён быў дастаўлены ў бальніцу.

У верасні адбыліся тры няшчасныя выпадкі ў зоне абслугоўвання маладзечанскай транспартнай міліцыі. Адно, недалёка ад станцыі Гудагай, са смяротным зыходам. Там загінуў 60-гадовы мужчына.

“Людзі адчуваюць сябе на чыгунцы вельмі бяспечна, — гаворыць Аляксандр Зянюк. — Нягледзячы на прафілактычную работу, папярэджанні, з пачатку года ў нас зарэгістравана 13 няшчасных выпадкаў, у мінулым за такі ж перыяд было толькі шэсць. Таму яшчэ раз просім усіх жыхароў рэгіёну: будзьце пільныя!”

Марына СЛІЖ.