Вілейская “Вілія” захавала месца ў першай лізе чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе на наступны год.

Перад апошнім турам Чысць апярэджвала дзяржынскую “Лівадзію-Юні” ўсяго на адно ачко. Нашы прымалі дома “Клецк”, Дзяржынск ездзіў у госці да “Старых Дарог”. Вынік гэтай гульні быў важны таксама для вілейскай “Віліі”. У віляйчан было толькі на адно ачко больш, чым у “Старых Дарог”. І ў выпадку, калі б Вілейка губляла ачкі дома ў матчы з “Беразінскім”, а старадарожцы перамагалі Дзяржынск, “Вілія” вылятала б у другую лігу.

Пазмагаемся за пуцёўку на чэмпіянат Беларусі

“Забудове”, каб адчуваць сябе спакойна і не залежаць ад вынікаў іншых гульняў, трэба было выйграваць. Што чысцінцы і зрабілі. Начальнік каманды Мікалай Мятліцкі ў інтэрв’ю “РГ” расказаў: яго падапечныя перабегалі гасцей. Момантаў забіць было шмат. У першым тайме прыкладна на 15 хвіліне лік на нашу карысць адкрыў Дзяніс Смірноў. Замацаваў поспех у другім тайме за 20 хвілін да канца гульні Аляксандр Праткевіч.

“Забудова” заваявала права выступіць у гульнях за пуцёўку ў другую лігу чэмпіянату Беларусі. Гульні пройдуць у дзвюх групах 6, 7 і 8 лістапада. Чысцінцы трапілі ў групу “А” ў кампанію мінскага “Тарпеда-МАЗ”, “Пружанаў” з Брэсцкай вобласці і гродзенскага “Хіміка”. Гуляем у Гродне. Па выніках турніру дзве першыя каманды змогуць на наступны сезон заявіцца ў другую лігу рэспубліканскага чэмпіянату. Такім чынам, можна спадзявацца, што наш рэгіён у сезоне-2010 у трэцім дывізіёне прадставяць дзве каманды — “Маладзечна” і “Забудова-2007”.

“Беразінскае” гульню “не злівала”

“Вілія” выйшла на гульню з “Беразінскім” з адной задачай — перамагчы. Перад гэтым матчам карэспандэнт “РГ” задаў трэнеру “Беразінскага” Віталю Казяку непрыстойнае пытанне. Гульня нічога не вырашала для каманды Казяка, якая датэрмінова забяспечыла сабе бронзавыя медалі. Маўляў, а ці не дапамагчы землякам-віляйчанам? У футболе гэта называецца “зліць гульню” — наўмысна прайграць, каб забяспечыць Вілейцы месца ў мацнейшай лізе вобласці.

Віталь адказаў, што нікому нічога яго выхаванцы зліваць не будуць. Адзінае, што на матч выйдуць толькі маладыя футбалісты, бо вопытныя рыхтуюцца да гульні чэмпіянату Беларусі “Зорка-БДУ” — “Маладзечна”. Калі ласка, Вілейка, выйгравай у моладзі.

Першы гол гаспадары забілі на 13 хвіліне. Аляксей Антановіч у цэнтры на лініі штрафной атрымаў перадачу справа і дакладна прабіў у ніжні левы ад варатара вугал. На 24 хвіліне поспех прыгожым ударам са штрафнога ў дзевятку замацаваў Дзмітры Янэль — 2:0. Так скончыўся першы тайм.

У другой палове матча віляйчане, падумаўшы, што гульня зробленая, крыху расслабіліся. І ледзь не паплаціліся за гэта. Маладыя амбіцыйныя беразінцы актывізаваліся, пачалі актыўней атакаваць і цалкам авалодалі ініцыятывай. Адзін гол госці адыгралі на 58 хвіліне. Ён на рахунку Ігара Сачука. На гонар віляйчан, яны здолелі выстаяць. Вынік — 2:1 на карысць гаспадароў. А “Старыя Дарогі”, дарэчы, саступілі дзяржынскай “Лівадзіі” 1:3, і, як аказалася, перамагаць “Віліі” было неабавязкова. Але перад матчам ніхто гэтага не ведаў, таму гулялі віляйчане на перамогу. Скептыкаў магу запэўніць: відавочна, што “Беразінскае” гульню не “злівала”, “Вілія” перамагла заслужана.

Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Выніковая турнірная табліца: